Аналітыкі: Беларусь адразу не панясе страт ад санкцый, потым можа быць балюча

Прэзідэнт Еўрапейскага савета Шарль Мішэль / Reuters
Прэзідэнт Еўрапейскага савета Шарль Мішэль / Reuters

Пасля прыняцця чацвёртага пакета санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі некаторыя нават у Еўропе былі расчараваныя іх "слабасцю". Даследчая кампанія InComeln ацаніла страты для Беларусі і растлумачыла, чаму санкцыі выйшлі занадта "мяккімі".

Еўрарадыё перадае галоўнае са справаздачы InComeln.

 

У калійнай сферы -$500 млн у год

Як адзначаюць даследчыкі, ЕС ёсць пятым па велічыні пакупніком беларускага калію. Аднак значна адстае ад Бразіліі, Кітая, Індыі і Паўднёва-Усходняй Азіі.

У 2020 годзе Беларусь экспартавала калійных угнаенняў на $2,41 млрд. З іх у ЕС — на $195,8 млн. За чатыры месяцы 2021 года калію па ўсім свеце Беларусь прадала на $834,1 млн. З іх у ЕС — $65,5 млн.

Аналитики: Беларусь сразу не понесет потери от санкций, потом может быть больно
Летась Беларусь прадала калійных угнаенняў на $2,41 млрд / Еўрарадыё

Забарона на транспартаванне калійных угнаенняў магла сапраўды сур'ёзна ўдарыць па беларускай эканоміцы. Аднак ЕС увёў абмежаванні на транзіт толькі некаторых таварных пазіцый, якія летась прынеслі каля 17% выручкі ад продажаў.

Акрамя таго, не распаўсюджваецца забарона на кантракты, якія ўжо дзейнічаюць. Гэта значыць, у 2021 годзе ўсё будзе працаваць як звычайна. Значыць, у беларускіх уладаў ёсць час альбо нейкім чынам дамовіцца з ЕС, альбо перанакіраваць транспартныя патокі, хоць гэта і дорага.

"Мяккі" варыянт абраны дзеля інтарэсаў усяго свету

Адной з прычын, чаму санкцыі маглі атрымацца мяккімі, даследчыкі называюць страты для ўсяго свету. Бо Беларусь, паводле звестак InComeln за 2019 год, была трэцім па велічыні пастаўшчыком калійных угнаенняў для ўсяго свету. Тады доля нашай краіны на рынку складала 16-17%. І гэта пры тым, што не было кантракта з Кітаем.

Адыход Беларусі з рынку будзе азначаць павышэнне цэн на калійныя ўгнаенні і, адпаведна, на прадукты харчавання. Разагнаць і інфляцыю на выхадзе з каранакрызісу ЕС не хацелася б, лічаць даследчыкі.

Аналитики: Беларусь сразу не понесет потери от санкций, потом может быть больно
Калійныя ўгнаенні важныя для сельскай гаспадаркі / Еўрарадыё

Акрамя таго, рэч можа быць у Клайпедскім порце. Бо беларускі калій загружае яго на траціну. Пры страце гэтага грузу літоўская эканоміка можа страціць да 0,9% ВУП. Сама ж Літва можа запытаць кампенсацыю ў ЕС.

Таксама ЕС хоча захаваць прастору для манеўру і дыялогу для беларускіх уладаў, гаворыцца ў даследаванні. Калі беларускі калій сыдзе з Клайпеды, то Расія можа настаяць на сумесным будаўніцтве ўніверсальнага тэрмінала ва Усть-Лузе.

Гэта значыць, што Беларусь зможа пастаўляць па ім у тым ліку калійныя ўгнаенні, аднак станецца больш залежная ад палітыкі Расіі і "Уралкалія". Акрамя таго, увайсці ў будаўніцтва, хутчэй за ўсё, давядзецца за новы крэдыт ад суседкі.

 

Нафтанка завязаная на Украіне і Расіі

Санкцыі на беларускія нафтапрадукты закранаюць пазіцыі, якіх было прададзена ў 2020 годзе на $3,1 млрд. Аднак больш за палову гэтай сумы прыпала на рынкі Украіны і Расіі.

Гэтаксама як і ў выпадку з каліем, санкцыі не распаўсюджваюцца на дзейныя кантракты па транспартаванні. Такія кантракты, як правіла, доўгатэрміновыя, значыць, Беларусь не адчуе эфекту ад забароны на транспартаванне ў 2021 годзе, адзначаюць даследчыкі.

Аналитики: Беларусь сразу не понесет потери от санкций, потом может быть больно
Транспартаванне нафтапрадуктаў на асноўныя рынкі не ідзе праз ЕС / Reuters

Таксама адзначаецца, што не ўведзеныя санкцыі на беларускую нафту. Прадаецца яна ў Германію. За мінулы год Беларусь зарабіла на гэтым $343,2 млн, а ў 2019 годзе — $726,8 млн.
 

Высновы

Хоць санкцыі аказаліся нашмат мякчэйшымі, чым чакалася, усё ж Беларусь чакае сур'ёзны ўдар у частцы фінансавання з боку ЕС. Беларусь і так не магла разлічваць на прыцягненне сродкаў у Еўропе, затое да ўвядзення санкцый гэта маглі рабіць дзяржбанкі і асобныя дзяржпрадпрыемствы.

Калі Беларусь так і не дамовіцца з Еўропай да моманту заканчэння лагістычных кантрактаў, давядзецца павялічыць шлях і цану на транспартаванне калійных угнаенняў і нафтанкі.

Беларусь станецца яшчэ больш прывязаная да Расіі. А перакід транспартавання калію ў Расію прымусіць яшчэ і лічыцца з палітыкай "Уралкалія".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі