Ананім-нядобразычлівец спрабуе “заглушыць” рагачоўскіх рокераў
Супраць гурта SEX спрабавалі завесці крымінальную справу за "парнаграфію" ў прома-роліку. Цяпер хочуць аштрафаваць за неэтычную рэкламу.
Вакаліст рагачоўскага SEX Валерый Новічкаў распавядае непрыемную гісторыю, якая завязалася з яго гуртом яшчэ ў пачатку года:
“Калі гурт пачаў выязджаць за межы горада, пачаў развівацца, намі зацікавілася, як нам сказалі, на той момант кіраўніцтва нейкіх “структур зверху”. Я тады звольніўся з працы (з аддзела культуры — заўв. Еўрарадыё) па асабістым жаданні — проста знайшлі б спосаб, як мяне адтуль прыбраць. Хаця як працаўнік я быў добры. У нас быў моладзевы тэатр і каманда КВЗ, у нас шмат узнагародаў, шмат дзе мы паездзілі”.
У жніўні гурт мусіў выступіць на фестывалі “ROCKachev”, на якім чакаліся 44 гурты з розных краін. Хлопцы знялі відэа-запрашэнне на фэст. Але нехта гэтае запрашэнне разаслаў усім спонсарам фестывалю, пачаў пужаць іх скаргамі ў вышэйшыя інстанцыі. У выніку ўсе спонсары адмовіліся ад удзелу ў праекце, выступ SEX не адбыўся, як і сам фестываль. А над музыкамі і аўтарам іх кліпа навісла пагроза крымінальнай справы за “распаўсюд парнаграфіі”. Хаця, паводле слоў Валерыя Новічкава, чагосьці занадта асаблівага ў роліку не было — такія ж сцэны, як ён кажа, транслююцца і на беларускім тэлебачанні.
“З сабраных матэрыялаў праверкі вынікае, што размешчаны Клымчуком В.А. відэаролік у сетцы Інтэрнэт не з’яўляецца парнаграфічным, адпаведна ў дзеяннях апошняга адсутнічае склад крымінальна каральнага дзеяння, прадугледжанага артыкулам 343 Кодэкса Рэспублікі Беларусь”, — так Рагачоўскі РАУС адрэагаваў на “ананімку”.
Здавалася б, цяпер музыкі могуць уздыхнуць спакойна. Але не доўга музыка грала. У кастрычніку Валерыю Новічкаву прыйшла позва.
Валерый Новічкаў: “Я ўвогуле не зразумеў, да чаго гэта позва. Я патэлефанаваў у Гомель, нічога не патлумачылі, сказалі, што патлумачаць усё на месцы. Прыехаў туды, аказваецца, што зноў падымаецца буча з-за таго роліка. Аказваецца, цяпер гэты ролік хочуць прыраўняць да нейкай неналежнай неэтычнай рэкламы”.
Справа ў тым, што падчас першых допытаў наконт “парнаграфічнасці” Валерый Новічкаў сказаў, што гэта ролік-запрашэнне альбо “рэклама”. На падставе таго, што ён выкарыстаў гэты тэрмін падчас складання ранейшых пратаколаў, яму зараз хочуць прысудзіць штраф. Што цікава, цяпер у дакументах пазначана, што справа разглядаецца паводле даручэння Рагачоўскай пракуратуры.
Валерый Новічкаў: “Мы толькі зараз паспрабавалі гэта ўсё паказаць, неяк раскрыць. Спачатку спадзяваліся, што ўсё пройдзе як страшны сон. Але цяпер відавочна, што так гэта ўсё не скончыцца”.
Валерый Новічкаў кажа, што на дадзены момант гурт жыве выдатна: адбываюцца канцэрты, здымаюцца новыя кліпы. З моманту, калі музыка звольніўся з працы, на яго, напрыклад, не можа ціснуць кіраўнік. Але ў той жа час паралельна з музычнай дзейнасцю прыходзіцца вырашаць пытанні са скаргамі і позвамі. Валерый Новічкаў прызнаецца, што спачатку музыкі не ведалі, што рабіць. Але пасля зразумелі, што ўсё адбываецца з-за перагібаў на месцах. Таму звяртацца па дапамогу да праваабаронцаў пачалі толькі цяпер.
Рубрыка “Самаабарона” для праграмы “Кардыяграма”
Фота: vk.com/sexbelarus