Анархістаў, падазраваных у нападзе на будынак БТ, адпусцілі з-пад варты

Анархістаў, падазраваных у нападзе на будынак БТ, адпусцілі з-пад варты

Дваіх анархістаў, падазраваных у закідванні фарбай будынку Белтэлерадыёкампаніі, адпусцілі з-пад варты пад абавязанне аб яўцы. Актывістаў руху затрымалі ўвечары 13 чэрвеня. Сваёй акцыяй анархісты выразілі стаўленне да дзяржаўнай прапаганды, якая штодня транслюецца з экранаў тэлебачання.

Паводле інфармацыі сайта spring96.org, удзельнікаў акцыі адпусцілі 16 чэрвеня. Яны ў статусе падазраваных па справе, распачатай паводле ч.2 арт.339 КК “Хуліганства, здзейсненае паўторна, або групай асобаў”.

Імёны анархістаў не называюцца. Адзін з іх распавёў праваабаронцам, што яго затрымалі каля метро супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, апранутымі ў цывільнае. Яго пасадзілі ў машыну і паведамілі, што ён затрыманы па падазрэнні ва ўдзеле ў акцыі супраць БТ, а затым паказалі ордэр на вобшук і накіраваліся да яго дадому. Падчас ператрусу забралі рознага кшталту літаратуру, брашуры, а таксама некалькі пар абутку і куртку для экспертызы. Пасля гэтага маладога чалавека даставілі ў ГУБАЗ, затым у Першамайскі РУУС, дзе яго суткі трымалі ў камеры без ежы. Пасля гэтага анархіста перавялі ў ізалятар часовага ўтрымання і праз двое сутак адпусцілі.

Падчас знаходжання пад вартай да затрыманага прыходзілі праваахоўнікі і цікавіліся яго стасункамі з анархістам Дзмітрыем Паліенкам, удзельнікам травеньскай велаакцыі “Крытычная маса”. Паліенка цяпер знаходзіцца ў Жодзінскім СІЗА па абвінавачанні ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні супрацоўніка ДАІ. Таксама ў затрыманага ўзялі ўзоры пазногцяў, па якіх будзе праводзіцца экспертыза. Малады чалавек мяркуе, што бліжэйшым часам магчымыя новыя затрыманні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі