Андрэй Дзмітрыеў хоча, каб Генпракуратура праверыла "ваенна-патрыятычныя клубы"
Кіраўнік кампаніі "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў звярнуўся з лістом у Генпракуратуру, каб там праверылі інфармацыю пра ўдзел Віцебскай епархіі ў адпраўцы дзяцей на ваенізаваныя зборы ў Расію з удзелам баевікоў "ДНР" і неанацыстаў.
Нагодай стала публікацыя ў газеце "Наша ніва", дзе гаворыцца пра вайскова-патрыятычныя клубы пры Віцебскай епархіі. Чальцы гэтых клубаў ездзілі на зборы ў Расію, дзе іх інструктарамі былі ўдзельнікі баявых дзеянняў з ДНР і неанацысты. У зборах прымалі ўдзел дзеці з Талачына, Друцка і Віцебска.
На думку Андрэя Дзмітрыева, на такую інфармацыю трэба рэагаваць. Пра гэта ён распавёў Еўрарадыё.
Дзмітрыеў: “Магчыма, фармальна Генпракуратура напіша “адпіску”. Але нефармальна спецслужбы могуць зрабіць нейкія крокі. Бо частка сілаў ва ўладзе разумее небяспечнасць такіх псеўдапатрыятычных арганізацый”.
Андрэй Дзмітрыеў дадае і пра сустрэчы з дэпутатамі, на якіх гаварылася пра небяспечнасць такіх псеўдапатрыятычных клубаў. Раней Еўрарадыё паведамляла пра дзейнасць у Беларусі казацкіх патрыятычных клубаў. На іх зборах дзеці трэніраваліся са зброяй.
Навошта казакі трэніруюцца са зброяй у беларускіх лясах
У “Казачым спасе” Еўрарадыё тлумачаць, навошта вучаць дзяцей страляць з аўтаматаў. А гісторык распавядае, якое дачыненне да Беларусі маюць казакі.