Антызаходнія санкцыі нявыгадныя Казахстану, але Назарбаеў можа іх падтрымаць

Падтрымліваць санкцыі ЕАЭС супраць Захаду стратна для Казахстана / Андрэй Чабатароў
Падтрымліваць санкцыі ЕАЭС супраць Захаду стратна для Казахстана / Андрэй Чабатароў

У Казахстана ёсць магчымасць не далучацца да антызаходніх санкцый ЕАЭС, якія лабіруюць Расія і Беларусь. Яны зусім нявыгадныя Казахстану, але афіцыйны прадстаўнік ЕЭК Ія Малкіна расказала, што Еўразійская эканамічная камісія ўжо ўзгадняе меры ў адказ краін ЕАЭС на санкцыі Захаду.

— У найбольшай ступені ўсе прапанаваныя меры падтрымлівае Рэспубліка Беларусь, якая цяпер адчувае сур'ёзны ціск з боку ЗША, Еўрасаюза і Вялікабрытаніі, — кажа Ія Малкіна.

Антизападные санкции невыгодны Казахстану, но Назарбаев может их поддержать
Пасяджэнне Калегіі ЕЭК на чале з Міхаілам Мясніковічам / eec.eaeunion.org

Раней МЗС Казахстана заяўляла, што краіна не будзе далучацца да антызаходніх санкцый разам з іншымі сябрамі ЕАЭС. І гэтая пазіцыя на афіцыйным узроўні не змянілася, кажа казахстанскі палітолаг, заснавальнік і дырэктар няўрадавай кансалтынгавай арганізацыі "Risks Assessment Group — Kazakhstan" Дасым Сатпаеў.

Еўрарадыё паразмаўляла з экспертам і даведалася, чаму Казахстан будзе старацца дыстанцыявацца ад рашэння партнёраў па ЕАЭС ці ўвогуле можа заблакаваць санкцыі ў адказ.

 

У Казахстана няма праблем з Захадам

Дасым Сатпаеў адзначае, што праблемы з Захадам паўсталі не ў ЕАЭС, а ў Расіі і Беларусі.

— Таму Казахстан зыходзіць з таго, што не варта ўвязваць ЕАЭС у санкцыйныя войны. Тут чыста эканамічны прагматызм. Ён звязаны і з тым, што галоўны гандлёвы партнёр Казахстана — Еўрапейскі саюз.

Асноўны экспартны прадукт Казахстана — нафта. І асноўны яе пакупнік — ЕС.

— З ЗША тавараабарот невялікі ў адрозненне ад Еўрасаюза, Расіі ці Кітая. Затое ў Казахстане вельмі вялікая прысутнасць амерыканскага бізнесу. З 2005 года да сённяшняга дня ў Казахстан прыйшло амерыканскіх інвестыцый на 45 мільярдаў долараў. Гэта шмат.

Таму Казахстану зусім нявыгадна ісці на канфрантацыю з заходнімі краінамі. І ён можа сабе дазволіць праводзіць палітыку, незалежную ад ЕАЭС.

Антизападные санкции невыгодны Казахстану, но Назарбаев может их поддержать
Заходнія інвестыцыі і гандлёвыя сувязі з Казахстанам вельмі вялікія / Reuters

— У адрозненне ад Арменіі, Беларусі ці Кыргызстана Казахстан мае значныя альтэрнатывы ў плане эканамічнага супрацоўніцтва. З Расіяй Казахстан цесны партнёр толькі ў рамках ЕАЭС. У Казахстана ёсць такое самае партнёрства і з Кітаем, і з Захадам, і з краінамі мусульманскага свету, — кажа Дасым Сатпаеў.

Тым больш ніякіх заходніх санкцый у дачыненні да Казахстана няма.

— Казахстан — адзіная краіна ў Цэнтральнай Азіі, якая доўгі час была найбольш адкрытай для сусветнай эканомікі. У Казахстане прысутнічаюць найбуйнейшыя заходнія кампаніі, у тым ліку транснацыянальныя. 70 адсоткаў інвестыцый, якія калісьці ішлі ў Цэнтральную Азію, ішлі менавіта ў Казахстан.

Гэта прывяло да таго, што, нават калі Казахстан увайшоў у ЕАЭС у 2014 годзе, на адносіны з Захадам гэта сур'ёзна не паўплывала.

 

Расія можа ціснуць, але ёсць магчымасць заставацца ўбаку

Эксперт падкрэслівае, што Расія і Беларусь могуць заяўляць усё што хочуць наконт антызаходніх санкцый, але Казахстан — суверэнная дзяржава. Нават у рамках ЕАЭС у яго ёсць магчымасць блакаваць некаторыя рашэнні і не ўдзельнічаць у іх рэалізацыі.

Антизападные санкции невыгодны Казахстану, но Назарбаев может их поддержать
Касым-Жамарт Такаеў і былы прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў / Elbasy.kz

— Прэзідэнт Такаеў больш гнуткі з пункту гледжання знешняй палітыкі і лічыць, што занадта цесная прывязка да Расіі — гэта пэўная пагроза для Казахстана, а ўдзел Казахстана ў ЕАЭС апошнім часам мае больш мінусаў для Казахстана, чым плюсаў. Што прывяло да таго, што Такаеў стаў рабіць крытычныя заўвагі на адрас ЕАЭС.

Нурсултан Назарбаеў больш прывязаны да Крамля і Пуціна. Экс-прэзідэнт усё яшчэ мае вялікі ўплыў у тым ліку на знешнюю палітыку Казахстана.

— Можна выказаць здагадку, што па пытанні антызаходніх санкцый унутры Казахстана ёсць рознагалоссі паміж дзейным прэзідэнтам і экс-прэзідэнтам. У такім выпадку пазіцыя Казахстана будзе залежаць ад таго, хто ў гэтай ценявой схватцы атрымае перамогу, — робіць выснову Дасым Сатпаеў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі