Апазіцыя беражэ сябе для Дня Волі
Імкненне ўдзельнікаў моладзевых арганізацый пазбегнуць магчымых арыштаў і адседзецца па хатах цалкам зразумелае: неўзабаве 25 сакавіка.
Адзін з актывістаў “Маладога фронту” патлумачыў “Еўрапейскаму радыё”, што ўсе сілы арганізацыі зараз накіраваныя на падрыхтоўку акцыі да Дня Волі.
Актывіст: “Мы рыхтуемся да 25 сакавіка, да Дня Волі, гэтаму святу няма аналагаў. Мы выйдзем шчыльнымі радамі на вуліцы і плошчы 25 сакавіка – да Плошчы Каліноўскага”.
Акурат на 18-ы Дзень салідарнасці ў Мінску адбыліся чарговыя ператрусы. На гэты раз людзі ў чорным завіталі на штаб-кватэру ЗБС “Бацькаўшчына”.
Да старшыні Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай мы датэлефанаваліся, калі вобшук, па яе словах, заходзіў на другі круг.
Мікалай Карнейчук: “Як вы думаеце, гэта з 16-м ці з 25-м звязана?”
Алена Макоўская: “Ведаеце, добра разважаць, калі маеш факты на руках. Я думаю, што, зразумела, звязана. Бо пытанне: чаму? Але хутчэй з 25-м”.
Цікавая справа: 16 сакавіка спрацаваў закон захавання салідарнасці, згодна з якім, калі недзе салідарнасці менее, у іншым месцы яе колькасць павялічваецца. Сакавіцкую салідарнасць з беларускімі дэмакратамі выказалі ва Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі.
За адсутнасцю вялікай агульнай акцыі ў Беларусі кожны дэманстраваў салідарнасць з палітвязнямі і зніклымі людзьмі па сваіх магчымасцях і на ўласны густ.
Юра, праграмер: “Мне чамусьці лянотна сёння а 18-й выходзіць... Але я падвесіў банер на свой сайт!”
Салідарных, але напужаных ці лянотных – такіх, як мінскі праграміст Юра, голас якога вы толькі што чулі, – большасць. Але гэта не засмучае, бо абыякавасці да людзей, чые блізкія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсіяў, у сэрцах усё менш.