"Апошні альбом" ад Pukstband — "Альбом года" прэміі Experty.by
Праект, прысвечаны беларускай музыцы, абвесціў пераможцаў.
Музычны партал Experty.by абвясціў пераможцаў у 11 намінацыях. Паводле меркавання журы, якое традыцыйна складаецца са штатных экспертаў сайта, вялікага журы, замежных экспертаў і народных экпертаў (наведвальнікі сайта), вынікі прэміі наступныя:
Галоўная ўзнагарода "Альбом года", "Прыз вялікага журы", а таксама статус "Лепшага рок-альбома" дасталіся "Апошняму альбому " ад Сяргея Пукста і Pukstband.
"Я шчаслівы, — канстатуе Сяргей Пукст падчас атрымання ўзнагароды. — І тое, што ў свеце, дзе канцэрнтрацыя кампазітарскай думкі не адзнааецца ўвогуле, а музыка прадаецца, нашы працы заўважаюць — гэта выдатна".
Апроч таго, як уладальнік "Альбома года", Сяргей Пукст і Pukstband узнагароджаныя адмысловым прызам ад партнёраў прэміі кампаніі "Атлант Тэлекам". Пераможца атрымае паўнавартасную рэкламна-інфармацыйную падтрымку ўласнага канцэрта.
Таксама 3 узнагароды атрымаў новаспечаны праект былога ўдзельніка "Ляпіса Трубяцкога" Паўла Кузюковіча Pafnutiy’s Dreams і яго дэбютнік "The Sandman". Пласцінка стала "Лепшым дэбютным альбомам", "Лепшым інструментальным альбомам", а таксама атрымала прыз штатных экспертаў сайта.
Пафнуцій і кампанія
"Шчыра кажучы, не ведаю, што сказаць, бо адчуваю сябе вінаватым, нібыта нешта скраў. Прабачце мяне, — жартуе Паша. — Дзякуй, што вы звярнулі ўвагу на працу, якую мы зрабілі з сябрамі. Я рады, што сабраўся калектыў з 6 чалавек — яны ўсе хворыя. Магчыма сапраўды, тое, што задумваецца ў нас у галаве, знойдзе адлюстраванне ў гуках. Але маё меркаванне — Пуксту трэба было ўсё аддаць".
"Лепшым поп-альбомам" эксперты назвалі пласіцнку "Жить в кайф" Макса Каржа. "Лепшым беларускамоўным альбомам" стаў дыск "Адпусці" гурта Bosae Sonca. Дарэчы, гурт атрымаў адмысловы прыз ад інфаспонсара прэміі, кампаніі “Будзьма беларусамі”. "Лепшы фолк-альбом" — "Traukamurauka" ад Kriwi.
Вераніка Круглова
“Пасля самаўхілення этна-трыа “Троіца”, якія не бралі ўдзел у эстафеце, з'явілася інтрыга. Kriwi — гэта Kriwi. Гэта і гісторыя, і якасць, і брэнд, і трэнд. Вечна жывая каманда і вечна энергічная Вераніка”, — аб’яўляе пераможцу ў намінацыі эксперт і музычны журналіст Алег Клімаў. Узнагароду атрымлівае Вераніка Круглова, якая прыехала на цырымонію ўручэння з Берліна.
Апроч таго, эксперты ўручылі прызы і ў галоўных намінацыях. То бок, па версіях штатнага, замежнага, народнага і вялікага журы. Паводле адзнак замежнага журы, куды ўваходзілі прадстаўнікі выданняў суседніх краін (Літвы, Польшчы, Украіны, Латвіі і Расіі), найбольшы бал атрымалі пласцінкі малавядомага гомельскага электроншчыка (((О))) і легенды беларускага джаза Apple Tea. Улічваючы рэгламент прэміі і дадатковыя паказчыкі, перамогу святкаваў праект (((О))).
Яўген Калмыкоў
Прыз народных экспертаў дастаўся лідарам беларускага андэграўнднага рока, гурту The UNB.
Лідар гурта Зміцер Дольнік лаканічна для каманды з добрай сотняй альбомаў у дыскаграфіі каментуе прыз: “Мы не супраць выбару народнага журы. Піце піва!”
Прэмія Experty.by сёлета ўручалася ў шосты раз. А пераможцы ў намінацыях “Лепшы беларускамоўны альбом” і “Альбом года” атрымалі магчымасць цягам трох бліжэйшых месяцаў сыграць канцэрты пры падтрымцы спонараў — кампаній “Будзьма” і “Атлант Тэлекам”.
І яшчэ. Паслухаць пераможцаў прэміі Experty.by у бліжэйшы час можна на пляцоўках Мінска. Так, Pafnutiy’s Dreams сыграюць у апошні дзень зімы ў фотастудыі Ягора Войнава, а праект (((О))) выступіць 11 красавіка ў клубе Re:Public падчас прэзентацыі новага альбома гурта Akute.
Галоўны "эксперт" Зміцер Безкаравайны
Pafnutiy’s Dreams распачалі цырымонію
Эксперт Ягор Квартальны
Алесь Кот-Зайцаў з гурта Bosae Sonca і журналіст Зміцер Падбярэзскі
Відэажурналіст Сяргей Філімонаў
Мікіта Васільеў ( (((О))) ) і "эксперт" Ягор Цывілька
"Эксперт "Сяргей Будкін і прадстаўнік кампаніі "Атлант-тэлеком" Антон Бладзік
Сяргей Пукст