Апошні дзень "дармаедства": як выглядае біржа працы 2 ліпеня (фота)
Беларусы, якія нідзе не працавалі з 1 студзеня 2015, ужо з 3 ліпеня будуць лічыцца "дармаедамі" і ў наступным годзе заплацяць падатак.
У мінскім міжраённым аддзеле працаўладкавання “Першамайскі, Савецкі, Цэнтральны” 2 ліпеня выстраілася чарга, чалавек 25. Да 20.00 ёсць час атрымаць або статус беспрацоўнага, або знайсці працу і хуценька на яе ўладкавацца. 2 ліпеня мінаюць 183 дні года, калі можна было нідзе не працаваць і за гэта б нічога не было. Той, хто з пачатку года не быў уладкаваны і не паспеў нічога знайсці ― будзе лічыцца дармаедам і ў наступным годзе заплаціць падатак ― 3,6 мільёна (20 базавых).
У чарзе пароўну мужчын і жанчын сярэдняга ўзросту, але ёсць і вельмі маладыя. Яны асабліва маўклівыя. Нехта моўчкі юзае тэлефон, нехта мэтанакіравана праз камп'ютар шукае сабе працу.
Цэнтр занятасці: Беспрацоўныя злыя цяпер. Усё з-за гэтага дэкрэта.
“Ты дырэктара месца шукаеш ці што? Можа, намесніка месца паглядзі”, ― каля інфармацыйнага кіёска мужчына і жанчына сярэдніх гадоў. Яны доўга глядзяць вакансіі, але, нічога так і не знайшоўшы, сыходзяць.
Што праўда, вакансій у цэнтры занятасці шмат. Але заробкі не ўражваюць: інжынеру з вышэйшай адукацыяй прапаноўваюць працу за 2,2 мільёна.
Вакансіі "растуць" проста на дрэвах!
У цэнтры занятасці сустракаем Валянціну, былога бухгалтара. Жанчыне з 30-гадовым стажам застаўся год да пенсіі. Апошнія 3 гады яна нідзе не працавала.
“Даглядала свякроў, яна ў нас ляжачая, пастаянны клопат патрэбны. Жылі на яе павышаную пенсію. На жыццё хапала. А сюды прыйшла, шчыра кажучы, каб не плаціць падатак. Не хацела ісці, але муж кажа: "А чаго ты будзеш плаціць?” Дэкрэт гэты такі сыры, недапрацаваны. Я даглядаю роднага мне чалавека, але я, атрымліваецца, дармаед? Але як гэта аформіць?” ― крытыкуе прэзідэнцкі дэкрэт Валянціна.
З “дэкрэта аб дармаедах” выключаць пэўныя катэгорыі грамадзян
Без перапынку на абед і 12-ці гадзінны працоўны дзень цэнтра занятасці - усё для таго, каб безпрацоўныя маглі знайсці працу
Жанчына дадае, што спачатку не хацела станавіцца на біржу працы, шукала вакантнае месца проста так.
“Для мяне знайшлося 15 месцаў! Але ці вельмі далёка, ці заробак ніякі”.
Тэлефануем у Кармянскі раён, гэта адзін з аддаленых раёнаў Беларусі, і знайсці працу ў такім невялікім гарадку складана. Узровень беспрацоўя трохі вышэйшы за 0,5%. Але і тут пасля ўвядзення дэкрэта аб сацыяльным утрыманстве пачаўся ажыятаж.
“Спачатку ўсе кінуліся на біржу працы, але цяпер сціхае ўсё. Людзі ў агародах, лясах, на загатоўках, трохі адцягнуліся ад дэкрэта. Але восенню пойдуць зноў”, ― прагназуюць у Кармянскім цэнтры занятасці, дзе рэгіструюцца на біржы працы ў асноўным мужчыны.
Тут адзначаюць, што ім патрэбныя высокакваліфікаваныя кадры, з вышэйшай адукацыяй, досведам працы, а беспрацоўныя гэтым акурат пахваліцца не могуць.
“Жанчынам лягчэй працу знайсці. Бываюць, да прыкладу, вакансіі даярак, але не ўсе пагаджаюцца і на даярку”, ― абураецца намеснік начальніка Кармянскага цэнтра занятасці Надзея Дземчанка. Яна кажа, што ўзровень заробкаў у раёне ў сярэднім 2,2 мільёны. Знаходзяцца і вакансіі на 6 мільёнаў. Але спецыялістаў на іх няма.
У беспрацоўных беларусаў засталося пяць дзён, каб не стаць дармаедамі
Наконт своечасовасці дэкрэта ды яго карысці тут маюць сваё меркаванне.
“Дзяржава думала, што нешта атрымае з беспрацоўных, а пакуль атрымліваецца наадварот”, ― кажа намеснік начальніка Надзея Дземчанка.
Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на 1 чэрвеня 2015 года складала 44,7 тысяч чалавек. Гэта ў два разы больш, чым на 1 чэрвеня мінулага года, а таксама на 3% болей, чым на канец красавіка 2015 года. Падлічваем, калі дапамога кожнаму беспрацоўнаму складзе мінімальныя 180 тысяч рублёў, дык усім ім давядзецца заплаціць больш за 8 мільярдаў рублёў.