Апошнія расійскія вайскоўцы пакінулі Беларусь пасля вучэнняў "Захад 2017"
З Беларусі адправіўся апошні эшалон з расійскімі вайскоўцамі і тэхнікай Узброеных сілаў Расіі, якія прымалі ўдзел у сумесных вучэннях "Захад 2017", паведамляе ria.ru.
Эшалон адправіўся з чыгуначнай станцыі ў Барысаве. Як адзначаецца, апошнімі ў "пункты пастаяннай дыслакацыі" адбылі падраздзяленні тылавога забеспячэння.
Раней паведамлялася, што расійскія войскі, задзейнічаныя ў вучэннях "Захад 2017", пакінуць Беларусь не пазней за 30 верасня.
Самі беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні праходзілі 14-20 верасня. Агулам у іх удзельнічалі 12,7 тыс. вайскоўцаў. З іх на тэрыторыі Беларусі было 10,2 тыс. чалавек: ад Беларусі — каля 7 тысяч, ад Расіі — каля 3 тысяч. У вучэннях было задзейнічана 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, да 150 адзінак артылерыі і ракетных сістэмаў залпавага агню (РСЗА), больш за 40 самалётаў і верталётаў.