Apple Tea і Камерата рыхтуюць сумесны канцэрт
Два славутыя гурты ўпершыню выступяць з сумеснай праграмай.
Зусім хутка беларускіх аматараў джазу чакае яскравая і доўгачаканая падзея – на адной сцэне выступяць два агульнапрызнаныя і паважаныя калектывы ў галіне джазу ў Беларусі – Apple Tea і Камерата.
"І раней былі спробы зрабіць такі канцэрт. Але не атрымлівалася поўнага ўзаемадзеяння, а было такое лёгкае. Зараз жа хочацца большага ўзаемапранікнення!" – распавёў Еўрарадыё заснавальнік Apple Tea Ігар Сацэвіч.
Для сумеснай праграмы Apple Tea выбралі некалькі п’ес са сваёй пласцінкі "Bee dance" ("Пчаліны танец"), а таксама творы з іншых дыскаў розных часоў. Акрамя гэтага ў праграму ўвойдуць п’есы з рэпертуару гурта Камерата, да якіх Apple Tea падрыхтуе арыгінальныя аранжыроўкі. Канцэрт не будзе дзяліцца на дзве "сольныя" часткі – абодва гурты будуць амаль увесь час разам на сцэне.
А каб такая маштабная падрыхтоўка і намаганні музыкаў не былі патрачаныя толькі на канцэрт, па выніках праграмы гурт Apple Tea плануе перазапісаць дыск "Bee dance" разам з Камератай.
"І не проста перапісаць, а неяк па-новаму сыграць гэты альбом – кажа Ігар Сацэвіч. - А падчас гэтай сумеснай працы, можа быць, і новыя п’есы з’явяцца. Вось такія ёсць задумы!"
Канцэрт адбудзецца 19-га красавіка ў к/з "Мінск".