Архіепіскапа, які выступіў супраць гвалту, вызвалілі ад пасады

Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій / pokrovgrodno.org​
Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій / pokrovgrodno.org​

Напярэдадні ў Мінску прайшло пасяджэнне Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы. Па яго выніках было прынятае рашэнне аб вызваленні ад пасады архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, паведамляе сайт volkovysk.by.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў архіепіскап Арцемій стаў адным з нямногіх іерархаў Беларускай праваслаўнай царквы, хто адкрыта выказаўся аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Адразу пасля жорсткага падаўлення пратэстаў ён заявіў у адной з казаняў, што "мы не гаворым, якая там палітыка, які палітык, якая ўлада. Мы гаворым аб тым, што чыніцца беззаконне. Нашы людзі проста звярэюць і раздзіраюць сваіх жа братоў".

У канцы лістапада мінулага года стала вядома, што БПЦ атрымала папярэджанне ад упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў. Пра што ішла гаворка ў папярэджанні, не ўдакладнялася.

Гэтай вясной Арцемій зноў ускосна выказаўся пра сітуацыю ў краіне і заявіў, што "ісці шляхам прыстасаванства — гэта шлях самазнішчэння".

Па словах святара, царква мусіць быць па-за палітыкай, але яна і "не павінная быць абыякавай да ўсяго таго, што адбываецца. Навамучанікі і праведнікі нашага часу заўсёды казалі: "Маўчаннем прадаецца Бог". Быць хрысціянінам — гэта значыць быць крыжаносцам", — падкрэсліў ён.

Яшчэ ў мінулым жніўні Лукашэнка папярэджваў прадстаўнікоў цэркваў, што "цэрквы, касцёлы — не для палітыкі, не паддавайцеся адшчапенцам", і што "дзяржава з абыякавасцю глядзець на гэта не будзе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі