Арганізатараў "цукерачнага дажджу" хочуць прыцягнуць да адказнасці
Міліцыянты лічаць, што ахвяраў удалося пазбегнуць толькі цудам.
Як паведамляла Еўрарадыё, акцыя з нагоды адкрыцця новага гандлёвага цэнтра на Савецкай у Брэсце адбылася ў суботу, 13 ліпеня. Апафеозам свята мусіў стаць дождж з цукерак, шырока анансаваны напярэдадні.
Але, як піша газета "Вечерний Брест", было некалькі непрыемных акалічнасцяў. Першае — поўная адсутнасць вольнай прасторы. Вуліца Савецкая была шчыльна запоўненая людзьмі. Пры гэтым часткова быў блакаваны рух аўтамабіляў па вуліцы Дзяржынскага — натоўп іх проста не пускаў.
Па падліках міліцыі, мерапрыемства наведалі каля пяці тысяч чалавек. З Ленінскім РАУС была складзеная дамова на ахову грамадскага парадку. Аднак міліцыянты не чакалі, што збярэцца такая колькасць людзей, таму дзяжурылі толькі шэсць ахоўнікаў парадку.
Начальнік аддзела аховы правапарадку і правапарушэнняў аддзела ўнутраных спраў Ленінскага раёна Брэста Мікалай Самасюк кажа, што спрабаваў прадухіліць магчымыя здарэнні: "Калі я ўбачыў маштабы скупнасці людзей, я даў указанне забараніць раскідваць цукеркі. Нас ніхто не паслухаўся, і зараз арганізатары будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Калі б здарылася бяда, уся віна ляжала б на міліцыі".
Дарэчы, брыгада "хуткай дапамогі" на месцы не дзяжурыла: з гэтай службай арганізатары дамову не складалі. Праўда, выклікаў на месца акцыі таксама не паступала.