Арганізатарка фэшн-маркета: Мы не дыктуем моду!

120417 Navumava_site.mp3

Еўрарадыё: Чаму ў свеце распрацоўваецца калекцыя восень-зіма, а ў Беларусі праводзіцца летні фэшн-маркет?

Вікторыя Навумава: Нам немэтазгодна сёння рабіць калекцыі наступнага сезону, таму што мы не дыктуем моду, а ствараем аўтарскую моду для ўласнага кліента з яго запатрабаваннямі. Гэта не такая хуткая мода. Сёння людзі хочуць бачыць тое, што можна насіць сёння.

Еўрарадыё: Чаму вы праводзіце фэшн-маркет у фармаце фестывалю, а не кірмашу?

Вікторыя Навумава: Мы нарадзілі фармат фестывалю, таму што зразумелі, што людзям хочацца авалодаць большай колькасцю моднай інфармацыі, хочацца глядзець моднае кіно, сустракацца з прадстаўнікамі індустрыі моды. Наша фішка ў культурнай праграме. Мы хочам стварыць вельмі фестывальную тусовачную атмасферу, больш цікавых паслуг для кліентаў, каб яны маглі не толькі штосьці набыць, але і атрымаць цікавую інфармацыю.

Еўрарадыё: Як вы адбіраеце дызайнераў?

Вікторыя Навумава: Мы пачыналі год назад і тады змаглі прывезці ўсяго 27 дызайнераў. Сёння ў нашай базе больш за 200 чалавек. У асноўным – гэта майстры ручной працы.

Еўрарадыё: Фінансавае становішча беларусаў пагоршылася. Няўжо зараз людзі цікавяцца модай больш?

Вікторыя Навумава: Прывазная вопратка стала даражэйшай з-за розніцы курсаў. Таму вопратку беларускіх дызайнераў стала набываць не так дорага. Сярэдняя цана нашай сукенкі сёння 100 долараў, а кошты пачынаюцца ўжо ад 50 долараў. Верхняя мяжа гэта 200-250 долараў. Але трэба ўлічваць, што гэта сукенка пашытая ў адзіным экземпляры, гэта адмысловая тканіна і адмысловы дызайн – ёсць за што пераплачваць.

Еўрарадыё: Ці будзе на фэшн-маркеце калекцыя, арыентаваная на пышных дам?

Вікторыя Навумава: Гэта вялікая праблема, асноўная колькасць прадстаўленых мадэляў - 42-44 памер. Дызайнер укладае грошы ў калекцыю, і яму зручней шыць найбольш універсальны памер. У некаторых дызайнераў ёсць лінейкі ад 42 да 52, але шырокага асартыменту няма.

Еўрарадыё: Ці адсочваюць беларускія дызайнеры сусветныя тэндэнцыі?

Вікторыя Навумава: Вядома, вельмі часта працяг сусветнай тэндэнцыі можна ўбачыць у калекцыях нашых дызайнераў. Але ў іх няма мэты трапляць у трэнд, мы не дыктуем моду, мы ствараем аўтарскую моду для вузкага кола прыхільнікаў. Каму падабаецца стыль пэўнага дызайнера, той і становіцца кліентам. Незалежна ад таго, вельмі гэта модна ці не вельмі.

Дызйнерка Марыя Дубініна, калекцыя якой будзе прадстаўленая на Вялікім фэшн- маркеце 17 траўня, дала нам свае модныя парады на лета. Жанчынам яна параіла насіць сукенкі, доўгія спадніцы і капелюшы:

Марыя Дубініна: “Сукенкі ці спадніцы да полу, рознакаляровыя ці аднатонныя. Моднымі будуць баваўняныя сукенкі з кветкавымі малюнкамі, напрыклад,
ружы на белым фоне, або звяры ці садавіна – то бок шырокі выбар прынтаў. Моднымі будуць капелюшы з шырокімі і вузкімі краямі, саламяныя капялюшыкі. Папулярнымі будуць празрыстыя тканіны, шматслойныя варыянты. Шыфон колеру фуксіі ці карала, розныя адценні зялёнага”.

Мужчынам, на думку дызайнеркі, трэба набываць каляровыя футболкі:

Марыя Дубініна: “Можна ім параіць папоўніць свой гардэроб яркімі футболкамі – лімонны колер, салатавы, ружовы – каб крыху набраць палітру”.

Усё, што было актуальным два гады таму Марыя Дубініна раіць выкінуць з шафы. Найперш – гэта драныя джынсы, а таксама камплект джынсы-футболка. На думку майстра, такая вопратка не падкрэслівае прыгажосць фігуры.

Вопратка ад дызайнераў каштуе ад 400 тысяч да мільёна, у залежнасці ад статуса дызайнера і ад якасці тканіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі