Арганізатары Be Free: Наша мэта зрабіць увесь фэст бясплатным

Арганізатары і ўдзельнікі фестывалю Be Free, што 9-10 жніўня адбудзецца ў Львове, Слава Корань, Віталь Супрановіч, Марыя Садоўская і музыкі Зміцер Вайцюшкевіч і Ігар Варашкевіч распавялі пра падрыхтоўку да імпрэзы. У фестывалі прымуць удзел музыкі з Польшчы, Украіны, Францыі, а таксама зоркі і маладыя гурты з Беларусі. Супрановіч: "Гэта другі такі фестываль. Першы адбыўся ў мінулым годзе ў Луцку. Калі ён планаваўся ўпершыню была такая задума, каб гэты фэст адбываўся ва Украіне. І штогод у розных гарадах. У гэтым годзе ён будзе ў Львове. Магчыма, калі ўсё добра пройдзе, калі людзям спадабаецца, то верагодна, наступным разам ён адбудзецца таксама тут. Ці, можа быць, у Чарнігаве ці якім-небудзь іншым горадзе".

Корань: "Мы проста шукаем добрую пляцоўку, якая б нам спадабалася для фэсту. І ў гэтым годзе мы падумалі, што Львоў будзе лепш за Луцк".

Чаму менавіта Львоў?

Садоўская:
"Львоў – важнае месца таму, што горад добра ведаюць у Беларусі, Украіне і ў Польшчы. Жыхары гэтых краін – нашая асноўная публіка. У Львоў прыязджаюць турысты. Там цудоўная атмасфера для правядзення розных культурных фэстаў. І для нас вельмі важны фактар тое, што ўлады Львова лёгка пагадзіліся і аддалі пад беларуска-ўкраінска- і г.д. фэст два дні і лепшыя пляцоўкі свайго горада. Мы спадзяемся, што Львоў будзе добрым месцам сустрэчы беларусаў, украінцаў, палякаў і іншых еўрапейскіх турыстаў, якія прыедуць паглядзець горад і пазнаёміцца з сучаснай беларускай музычнай культурай".

Супрановіч: "Я б адзначыў такую рэч. Гэты фестываль асаблівы. Звычайна, калі фестывалі праводзяцца па-за межамі, то ініцыятары – людзі на месцах ці мясцовыя суполкі беларусаў, як гэта было на Басовішчы, і яны ж самі робяць. Тут жа ўсё цалкам наадварот. Мы, знаходзячыся ў Беларусі, робім фестываль ва Украіне. Магчыма ў такім фармаце гэта хіба не адзіны такі фестываль у свеце".

Хто вам дапамагае з украінскага боку?

Садоўская: "Нашым партнёрам з'яўляецца Саюз Украінскай моладзі, які дапамагае нам на месцы. Цяпер ледзь не адзінай краінай для беларусаў, дзе можна добра і без бар'ераў пабавіць час, з'яўляецца Украіна, таму што, на жаль, з мінулага лета адбыліся змены і атрымаць шэнгенскую візу, дзе раней адбываліся аналагічныя мерапрыемствы стала складана. Хацелася б паказаць украінцам беларускую музыку. Нам часам здаецца, што яны лепш ведаюць шведскую і галандскую, чым музыку сваіх суседзяў. А калі пачуюць, то ім спадабаецца".

Чым фэст Be Free важны для беларускіх музыкаў?

Корань: "У нас вельмі мала канцэртных пляцовак, дзе б гурты беларускія маглі б выступаць, каб паказаць, што яны існуюць, што яны могуць рабіць нешта ў сусветным кантэксце. Мы спрабуем зрабіць яшчэ адзін фэст. Ён не альтэрнатыўны Басовішчу. Ён яшчэ адзін. І калі будзе яшчэ, і яшчэ адзін, дзе б беларускія музыкі маглі мець выступы, мы б наўпрост паказалі, што ў нас ёсць сучасная музычная культура".

Пытанне да іншых музыкаў-удзельнікаў фэсту: якія ў вас чаканні ад фэсту ў Львове?

На яго адказваюць Зміцер Вайцюшкевіч (WZ-Orkiestra, хэдлайнер фолк-сцэны) і лідэр гурта "Крама" Ігар Варашкевіч:

Вайцюшкевіч: "Львоў – гэта месца, дзе не пануюць еўрапейскія законы ўсё рэстаўрыраваць. Львоў мае пэўны дух. Яго разбуранасць і занядбанасць мне вельмі імпануюць. Мне б наогул хацелася б паехаць і застацца там на тыдзень. У нейкай камунальнай кватэры паэтычнай, пазнаёміцца, закахацца, калі будзе магчымасць. Пастарацца адкрыць для сябе штосьці невядомае".

Варашкевіч: "Я быў у Львове, калі не памыляюся ў 1983 годзе на практыцы, калі вучыўся ў інстытуце, таму мне будзе проста цікава з'ездзіць у Львоў".

Як паставіліся да фестывалю Be Free запрошаныя гурты-зоркі "Тартак" з Украіны і T.Love, Metanoia з Польшчы?

Садоўская: "З хэдлайнерамі з польскага і ўкраінскага бакоў дамаўляемся пра тое, што ўсе разумеюць, што гэта некамерцыйны фестываль. Гэты фэст дапамагае пасля доўгага часу рабіць першыя крокі беларускай музыцы за мяжой, прыцягвае да яе ўвагу. І музыкі ў пэўным сэнсе салідарныя з беларускімі калегамі, выступаючы з імі на гэтай сцэне. Таму ганарары, якія ў нас запытваюць хэдлайнеры, на парадак менш, чым ганарары за звычайны піўны ці мабільны фэст".

Як адбіраліся для фэсту беларускія гурты?

Корань: "Беларускія гурты адбіраліся менавіта больш вядомыя, тыя якія маюць досвед, ведаюць, што такое добры гук і святло, каб упершыню ў Львове паказаць, што ў Беларусі ёсць зоркі такія ж, як польскія і ўкраінскія".

А маладыя выканаўцы?

Садоўская: "На сайце Еўрарадыё ўжо стартаваў інтэрнэт-адбор для маладых музыкаў. Тры гурты з Беларусі, якія перамогуць ў інтэрнэт-галасаванні і будуць абраныя аргкамітэтам фестывалю, паедуць на Be Free і разам з вядомымі беларускімі гуртамі выступяць на той самай пляцоўцы з добрым гукам і святлом".

Якім чынам можна дабрацца да Be Free?

Садоўская: "Наша мэта – гэта зрабіць увесь фэст бясплатным. Таму 90% гарантыя, што ўваход у намётавае мястэчка платным не будзе. Гэта мы зможам арганізаваць. Даезд і маршруткі да намётавага мястэчка – мы будзем размаўляць з гарадскімі ўладамі, каб яны нам прадставілі бясплатныя маршруты. Калі не – тады кошт складзе 20-30 амерыканскіх цэнтаў (у эквіваленце). Я думаю, што беларуская моладзь зможа знайсці такі грашовы рэсурс, каб паслухаць 25 гуртоў з чатырох краінаў".

А аўтобусы з Беларусі?

Супрановіч: "Я думаю, што арганізуем такія аўтобусы. І калі казаць пра мінулы год, то такія аўтобусы былі неабходныя, бо ў Луцк было даволі цяжка дабірацца. Са Львовам трохі прасцей, бо ёсць і прамыя цягнікі і наогул... Калі будзе шмат жадаючых, мы хутчэй за ўсё арганізуем для іх аўтобус".

Хто зможа паехаць на фестываль Be Free у Львове бясплатна?

Садоўская: "Бясплатную вандроўку на фэст атрымае 10 чалавек, якія перамогуць у конкурсе для фанаў, які стартаваў на старонцы нашага беларуска-польскага партнёра Еўрапейскага радыё для Беларусі. Людзі, якія дасылаюць свае каментары да гуртоў, адказваюць на пытанні віктарыны, яны дакладна атрымаюць бясплатную паездку на фестываль!
Больш падрабязна даведацца пра конкурс для маладых музыкаў, прагаласаваць за ўпадабаныя гурты, каментаваць іх, каб пасля бясплатна паехаць на Be Free, можна тут".


Як бясплатна паехаць на Be Free, можна даведацца тут.

Фота — ruhanka.lutsk.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі