Аргкамітэт Дня Волі і Мікола Статкевіч не дамовіліся пра акцыю 25 сакавіка

Аргкамітэт Дня Волі і Мікола Статкевіч не дамовіліся пра акцыю 25 сакавіка

Аргкамітэт святкавання Дня Волі не дамовіўся з лідарам Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Міколам Статкевічам аб фармаце правядзення акцыі 25 сакавіка.

Перамовы доўжыліся больш за тры гадзіны. Як паведаміў Радыё Свабода старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, дамовіцца пра супольны маршрут і фармат правядзення шэсця не ўдалося.

“Мы не прыйшлі да агульнай пазіцыі па ўсіх нюансах правядзення акцыі 25 сакавіка. Будзем яшчэ сустракацца і абмяркоўваць”, — кажа Янукевіч.

Ён удакладніў, што Партыя БНФ выступае за тое, каб увесь маршрут і сцэнарый акцыі быў абвешчаны загадзя, бо ў іншым выпадку ўдзельнікам будзе цяжка патлумачыць, што правакацыя, а што — не. У той жа час некаторыя іншыя арганізатары, у тым ліку Мікола Статкевіч, настойваюць на тым, каб “вырашыць на месцы, арыентуючыся на колькасць і настрой удзельнікаў”.

Як сказаў Янукевіч, асноўныя спрэчкі паміж арганізатарамі вядуцца наконт таго, дзе і як акцыя павінна завяршыцца і ці павінна гэта быць агучана загадзя.

Лідар БНФ лічыць, што калі арганізатары не змогуць дамовіцца, то дыскусія будзе вынесеная ў публічную прастору. Мяркуецца, што аргкамітэт 25 сакавіка будзе яшчэ раз сустракацца з Міколам Статкевічам, але канкрэтная дата пакуль не прызначаная.

14 сакавіка Мікола Статкевіч заявіў, што бярэ на сябе адказнасць за правядзенне акцыі 25 сакавіка.

У аргкамітэт святкавання Дня Волі ўваходзяць рух “За свабоду”, аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Аб'яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ і рух салідарнасці “Разам”.

Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў чакаюць ад Мінгарвыканкама адказу на заяўку, у якой яны просяць дазволіць 25 сакавіка шэсце ад Акадэміі навук да скверу Янкі Купалы.

Мікола Статкевіч пагадзіўся з месцам збору, але кажа, што месца і фармат завяршэння акцыі трэба вызначаць падчас яе правядзення.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі