Аргкамітэт Дня Волі: Паход на Бангалор нават не разглядаецца
У Мінску 3 лютага прайшло першае пасяджэнне аргкамітэта па святкаванні Дня Волі. У ім прынялі ўдзел прадстаўнік Руху "За свабоду" Алесь Лагвінец, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня Руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык, экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч. Чакаецца, што да іх далучацца іншыя кіраўнікі партыяў і арганізацыяў.
У каментары Еўрарадыё Анатоль Лябедзька паведаміў, што заяўку на святкаванне Дня Волі плануецца падаць акурат на вечар 25 сакавіка. Гэта, дарэчы, будзе пятніца.
Па словах палітыка, аргкамітэт не плануе весці ўдзельнікаў акцыі на плошчу Бангалор.
Лябедзька: "Скажу адразу, што Бангалор не разглядаўся як нейкая мажлівая кропка, якая нас цікавіць. Абмяркоўваліся розныя варыянты — у прасторы ад Кастрычніцкай плошчы да Акадэміі навук".
Лябедзька кажа, што дакладнае месца акцыі яшчэ будзе ўзгадняцца з уладамі.