Армія абароны Ізраіля пачала новы этап наземных аперацый у сектары Газа
Ізраільскі вайсковец
Армія абароны Ізраіля пачала новы этап наземных аперацый у сектары Газа. Войскі акружылі горад Хан-Юніс у яго паўднёвай частцы і ўжо вядуць баі ў яго цэнтры. Пра гэта ў аўторак паведаміў начальнік Генштабу ЦАХАЛ генерал-лейтэнант Херцы Ха-Леві.
Вайна працягваецца ўжо амаль два месяцы. Яна пачалася 7 кастрычніка пасля нападу на Ізраіль ХАМАС. Нядаўна падчас перамір'я ўдалося вызваліць некалькі дзясяткаў ізраільцян, а таксама замежнікаў, якіх узялі ў закладнікі і ўтрымлівалі ў сектары Газа тэрарысты. Пасля зрыву далейшых перамоў баявыя дзеянні аднавіліся. Цяпер ізраільскія вайскоўцы не толькі "зачышчаюць" паўночную частку сектара, але і пачалі аперацыі на поўдні, дзе ХАМАС яшчэ мае значныя сілы.
"Мы перажываем самы напружаны дзень з пачатку манеўраў — па забітых тэрарыстах, колькасці боесутыкненняў, вядзенню агню з зямлі і з паветра. Мы маем намер працягваць наступаць і замацоўваць дасягненні", — кажа начальнік Паўднёвага камандавання ЦАХАЛ генерал-маёр Ярон Фінкельман.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.