Перамір'е ў сектары Газа скончылася, аднаўляюцца баі
Ізраільскі вайсковец у сектары Газа
1 снежня перамір'е ў сектары Газа скончылася. ЦАХАЛ абвясціў аб аднаўленні баявых дзеянняў, паведамляе "Бі-Бі-Сі". За тыдзень яго дзеяння ўдалося абмяняць дзясяткі ізраільцян-закладнікаў, а таксама замежнікаў на палясцінскіх зняволеных. Была надзея, што перамір'е працягнецца і ў пятніцу, аднак гэтага не адбылося.
ЦАХАЛ абвінаваціў ХАМАС у парушэнні ўмоў "аператыўнай паўзы" — у баях і абстрэле ізраільскай тэрыторыі. У прыватнасці, з сектара Газа тэрарыстамі была запушчаная па тэрыторыі Ізраіля ракета. Яе перахапілі. А яшчэ раніцай 30 лістапада ў Ерусаліме быў напад тэрарыстаў на мірнае насельніцтва, ёсць загінулыя і параненыя. Адказнасць за забойства ўзяў на сябе ХАМАС.
Амаль усе жанчыны і дзеці, захопленыя тэрарыстамі падчас атакі на Ізраіль 7 кастрычніка, за сем дзён перамір'я былі вызвалены. ХАМАС працягвае ўтрымліваць мужчын, у тым ліку вайскоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.