Асудзілі кіроўцу, які абакраў Беларускую АЭС
На 805 рублёў (35 базавых велічыняў) аштрафаваў суд кіроўцу, які скраў інструменты з будаўніцтва Беларускай АЭС, піша "Рэгіянальная газета".
47-гадовы мужчына працаваў чатыры гады кіроўцам у арганізацыі, якая абслугоўвае БелАЭС. Увечары 30 чэрвеня ён вынес з арматурнага цэха вуглавую шліфавальную машыну маркі “Бош” і ўпакоўку адразных металічных кругоў. Мужчына вырашыў, што "балгарка" можа спатрэбіцца ў гаспадарцы, таму забраў яе і пакет з 25 адразнымі кругамі.
Крадзенае ён склаў каля сядзення ў службовым аўтобусе. На выездзе з будаўніцтва АЭС кіроўцу спыніў супрацоўнік службы бяспекі АЭС, які і заўважыў інструменты. Ён выклікаў міліцыю.
На судзе мужчына прызнаў сваю віну цалкам, што прызналі змякчальнымі абставінамі.