Асудзілі мужчыну, які паўтара года маляваў бчб-сцягі ў розных раёнах Мінска
Часткова замаляваны бел-чырвона-белы сцяг / spring96.org
У судзе Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці асудзілі "партызана" Пятра Пятрушу, які паўтара года (з лютага 2021-га да верасня 2022-га) маляваў бел-чырвона-белыя сцягі ў розных раёнах Мінска. Суддзя Дзмітрый Каплій прызнаў мужчыну вінаватым у "апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці" і прызначыў яму 6 месяцаў пазбаўлення волі. Прысуд быў агучаны 23 снежня, але праваабаронцы даведаліся пра яго толькі цяпер.
У судзе было заяўлена, што Пятруша "з дапамогай аэразольных балонаў з фарбуючымі рэчывамі белага і чырвонага колераў 11 разоў нанёс на паверхню апор ліній электраперадач, сцен двух прыпыначных пунктаў грамадскага транспарту, дарожнага знака “Пачатак населенага пункта” выявы ў выглядзе бел-чырвона-белых палос”. Была прызнана шкода, нанесеная прадпрыемствам "Мінскэнерга", "Мінскаўтадар-Цэнтр" і "Мінскаблдарбуд" на агульную суму больш за 700 рублёў. Мужчына кампенсаваў яе падчас папярэдняга следства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.