Аўтагоншчык: Дазволіць 120 км/г на МКАД — гэта проста пазабіваць людзей

Размаўляючы пра будаўніцтва другой кальцавой дарогі вакол Мінска, Аляксандр Лукашэнка парадаваў аматараў паганяць.

“Дарэчы, на кальцавой дарозе трэба дазволеную хуткасць павялічваць. Трэба да 120 павялічваць”, — адзначыў кіраўнік краіны.

“А не 90”, — кінуў нехта з чыноўнікаў.

“Трэба ўнесці прапанову. Тут не міліцыя павінная вырашаць, а мы. Мы даём міліцыі дзёргаць людзей. Усё адно едуць 120”, — сказаў як загадаў Лукашэнка.

Аўтарытэтны беларускі аўтагоншчык часоў СССР Анатоль Альхімовіч, які ў свой час быў намеснікам старшыні Беларускай аўтамабільнай федэрацыі, лічыць такое павелічэнне небяспечным.

“Наяўнасць шматлікіх прыдарожных аб’ектаў і інтэнсіўнасць руху — усё гэта паказвае, што абмежаванне хуткасці ў 120 км/г небяспечнае. Мы неяк з Аляксандрам Галаўнёвым (намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый — Еўрарадыё) абмяркоўвалі гэтае пытанне. Ён у мяне спытаўся, ці ездзіў я па нямецкіх аўтабанах. Там адлегласць паміж з’ездамі, выездамі, перасячэннямі і іншымі месцамі, перад якімі трэба зніжаць хуткасць, — пяць-дзесяць кіламетраў як мінімум. А ў нас на кальцавой — часам 300-500 метраў. Уявіце, што будзе, калі адны будуць ляцець 120, другія — увесь час зніжаць хуткасць, каб з кальцавой з’ехаць”.

Таму Анатоль Альхімовіч параўноўвае сталічную кальцавую аўтадарогу са звычайнай вуліцай і згадвае, што яшчэ нядаўна яе збіраліся перайменаваць у МУНД — магістральную вуліцу няспыннага руху.

“Раней я сам быў прыхільнікам абмежавання хуткасці на кальцавой да 120 км/г дзвюма рукамі. Але цяпер там столькі набудавана, што ўсталёўваць там такую хуткасць — гэта проста пазабіваць людзей, — востра выказваецца эксперт. — Кампетэнтныя людзі склалі розныя фактары і зрабілі хуткасць у 90 км/г. На некаторых участках і гэта занадта хутка. А вось на брэсцкай дарозе (маецца на ўвазе шаша М1 — Еўрарадыё), дзе ўзлётныя палосы, — ды зрабіце там для тых, хто хоча адарвацца, хоць 240 км/г, хай ляцяць. Там ёсць куды ляцець”.

У сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі Еўрарадыё патлумачылі, што першапачаткова мінская кальцавая акурат і была разлічаная на хуткасць у 120 км/г.

“Але хуткасць знізілі да 90 км/г праз тое, што адбывалася вельмі шмат ДТЗ з пацярпелымі і загінулымі. Прычына аварый — перавышэнне хуткаснага рэжыму, — тлумачыць інспектар па агітацыі і прапагандзе сталічнай ДАІ Арцём Цыбулька. — Праўда, пасля таго як усталявалі камеры фота і відэафіксацыі, ДТЗ скараціліся на 25%. Таму ў першую чаргу не хацелі даводзіць абмежаванне хуткасці да 120 км/г, бо гэта звязана з аварыйнасцю”.

Арцём Цыбулька называе фактары, якія пакуль перашкаджаюць змене хуткасці на сталічнай кальцавой: яе загружанасць і культура кіроўцаў.

“Вельмі шмат, як кажуць, “настаўнікаў” на дарогах. Кіроўцу падрэзалі дзесьці — і ён пачынае праяўляць агрэсію, — кажа аб праблемах інспектар ДАІ. — Праз гэта таксама здараюцца ДТЗ”.

Калі кальцавую атрымаецца разгрузіць, палепшыць якасць навучання ў аўташколах і ўзняць узровень культуры кіроўцаў, то зменшыцца і колькасць ДТЗ на кальцавой. Вось тады было б мэтазгодна змяніць хуткасны рэжым да 120 км/г. Такая пазіцыя ў Дзяржаўтаінспекцыі.

Аўтаэксперт Аляксандр Канапліцкі, які некалі ў якасці следчага займаўся цяжкімі аварыямі, лічыць, што разагнаць кальцавую да 120 км/г сёння будзе няпроста, нават калі гэта захочуць зрабіць.

“Вось я сёння ў раёне 10.00 ехаў па МКАД. Тут нават 90 км/г ехаць было няпроста — ішоў паток, — дзеліцца досведам аўтаэксперт. — Калі кальцавая разгрузіцца, тады так, можна і павялічыць хуткасны рэжым. Паглядзіце, колькі там грузавікоў! Калі б іх прыбраць, нашмат прасцей было б”.

Але асноўнай нявырашанай праблемай Аляксандр Канапліцкі таксама лічыць культуру нашых кіроўцаў:

“Ёсць праблема не столькі з хуткасцю, колькі з людзьмі. Чалавек спяшаецца, пачынае перастройвацца з адной паласы ў другую, дзесьці нешта не пабачыў, недагледзеў. А вось на нямецкіх аўтабанах хуткасць неабмежаваная, а ДТЗ амаль няма. Многае залежыць ад дысцыпліны кіроўцаў”. 

Фота belarus.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі