Аўтамабіліст дамогся дэмантажу незаконна ўсталяваных блакатараў на стаянцы
Аўтамабіліст дамогся дэмантажу незаконна ўсталяваных блакатараў на стаянцы. Канфлікт паміж аўтамабілістамі за парковачнае месца адбыўся ў Брэсце. Ананімная гісторыя аднаго з удзельнікаў была размешчана на партале “Віртуальны Брэст” яшчэ ў лістападзе мінулага году.
Аўтамабіль аўтара гісторыі знаходзіўся на паркоўцы ў цэнтры горада. Калі мужчына прыйшоў да сваёй машыны, ён убачыў, што нехта “заблакаваў” яму выезд. Наўпрост на праезнай частцы быў прыпаркаваны аўтамабіль “Сітраен”, які не даваў яму выехаць.
Неўзабаве на месцы з’явіліся супрацоўнікі ДАІ, разам з якімі і кіроўца “Сітраена”. Як апынулася, гэта быў інжынер рэдакцыі адной з гарадскіх газет, што месціцца побач. Мужчына заявіў, што гэта ён выклікаў ДАІ на “парушальніка”, які нібыта заняў яго месца. Па яго словах, паркавацца тут маюць права толькі супрацоўнікі рэдакцыі.
Пасля доўгай спрэчкі паміж кіроўцамі супрацоўнік ДАІ прыйшоў да высновы, што трэба пакараць абодвух удзельнікаў канфлікту. Кіроўцу “Сітраена” ён на месцы аштрафаваў за парушэнне правілаў паркоўкі. Аднак уладальнік заблакаванага аўтамабіля сваёй віны не прызнаў, ён даказваў, што нічога не парушыў. На паркоўку нават прыехаў эвакуатар, каб забраць аўтамабіль кіроўцы, не згоднага з супрацоўнікам ДАІ.
“Натуральна, я паспрабаваў высветліць законнасць такіх дзеянняў, эвакуацыі аўто з арганізаванай стаянкі, ды яшчэ і ў прысутнасці ўладальніка. Я вельмі доўга спрабаваў даказваць адсутнасць парушэнняў з боку кіроўцы, які прыпаркаваў маё аўто ў дадзеным месцы, але ўсе мае аргументы аспрэчваліся, і ўсё зводзілася толькі да аднаго: “Аплаціце штраф, і калі Вы так упэўненыя ў сваёй праваце, можаце абскардзіць потым нашы дзеянні!”— распавядае карыстальнік партала “Віртуальны Брэст”.
У выніку кіроўца ўсё ж такі дамогся свайго: з'ехаў без штрафу і без пратакола. Аднак барацьба з “паркоўкамі не для ўсіх” на гэтым не скончылася. Мужчына пачаў высвятляць законнасць з’яўлення каля рэдакцыі газеты блакатараў для асабістых месцаў стаянкі. Ён напісаў звароты ў шматлікія інстанцыі.
“За чый кошт пабудавана дадзеная паркоўка? — запытваў аўтар зваротаў. — Нешта мне падказвае, што грошы падаткаплацельшчыкаў выдаткаваныя на гэта, тады як жа стаянку пасмелі перадаць у карыстанне прыватніку? Ці ўстаноўленыя рэдакцыяй блакатары нішто іншае як самаўпраўства?”
Днямі гісторыя атрымала працяг. Аказваецца, яшчэ ў канцы мінулага года гарвыканкам даручыў дэмантаваць гэтыя блакатары, бо яны ўстаноўленыя незаконна.
“Па выніках разгляду высветлілася, што адсутнічаюць якія-небудзь дакументы аб усталяванні замыкаючых прылад. Камунальным службам даручана іх дэмантаваць. У цяперашні час ўсталяваць асоб, датычных да ўстаноўкі замыкаючых прылад на дадзенай паркоўцы, не ўяўляецца магчымым”, — піша ў адказе на зварот першы намеснік старшыні гарвыканкама Валерый Лапцейкін.
Фота: "Виртуальный Брест"