Аўтамабілісты незадаволеныя лістом "Белнафтахіму"

Установа звярталася ў Адміністрацыю прэзідэнта, канцэрн "Белнафтахім" і Саўмін. Нагодай стала павышэнне цэнаў на паліва.

Шаркоў: "Мы атрымалі адказ учора зранку, да таго яшчэ, як стала вядома аб павышэнні коштаў на паліва. Нам адказалі, у прынцыпе, ні аб чым. Самае галоўнае, сказалі, што паліва з'яўляецца сацыяльна важным таварам, таму цэны на яго кантралююцца, таму прадпрыемствы "Белнафтахім" працуюць беспрыбыткова. Але і надалей кошты будуць кантралявацца, таму прадпрыемства "Белнафтахім" будзе працаваць над павышэннем рэнтабільнасці свайго прадпрыемства. Таксама было пазначана, што цэны кантралююцца нашым падатковым заканадаўствам, а таксама 72-м указам прэзідэнта. І асноўную частку коштаў на паліва складае непасрэдна кошт самаго паліва, нібыта — 85%".

У адказ аўтамабілісты рыхтуюць вулічныя флэш-мобы.

Шаркоў: "Ужо сёння мы арганізуем і праводзім а 18.30 каля "Кароны" на паркоўцы флэш-моб: "Стоп бензін! Машына — не раскоша, а сродак перамяшчэння". Мы збярэмся на гэтай пляцоўцы, возьмем у рукі пустыя каністры, абклееныя лагатыпам, і будзем хадзіць па паркоўцы, размаўляць з людзьмі. Тым самым трошкі павышаць цікавасць да гэтай акцыі".

Таксама рыхтуецца вулічная акцыя і на 14 красавіка. Па словах Шаркова, яна будзе праходзіць як мінімум у 10 гарадах краіны. Акцыі будуць мець і адмысловае аздабленне

Шаркоў: "Мы заклікаем наносіць на машыны нашы лагатыпы — гэта лагатып з кампаніі "Стоп бензін!", каб людзі бачылі, што гэта нашыя машыны. Але падчас непасрэдна акцыі, машыны, якія будуць ехаць па горадзе, яны будуць ехаць з уключанымі аварыйнымі агнямі".

Пры гэтым арганізатары кажуць, што іх флэш-мобы больш бяспечныя ў параўнанні з акцыямі апазіцыі. Гэта, маўляў, звычайная паездка на аўтамабілі. А калі ўдзельнікў акцыі ўлады пачнуць спыняць, то гэтым заблакуюць рух па гарадскіх магістралях.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі