Аўтара відэа пра “дзяўчыну з бюлетэнямі” пазбавілі акрэдытацыі назіральніка
Юрыя Вашчанчука пазбавілі акрэдытацыі назіральніка. Менавіта ён зняў на выбарчым участку №37 у Брэсце скандальнае відэа з “дзяўчынай з бюлетэнямі”. Рашэнне аб пазбаўленні яго акрэдытацыі 15 лістапада прыняла ўчастковая камісія №37. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кандыдат у дэпутаты па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе Ганна Канюс, даверанай асобай якой з’яўляецца Юрый Вашчанчук.
“Рашэнне яшчэ не выдалі яму на рукі, але сказалі, што ён парушае выбарчае заканадаўства і перашкаджае працы камісіі”, — кажа Канюс.
Рашэнне ўчастковай камісіі аб пазбаўленні акрэдытацыі Вашчанчук збіраецца абскардзіць у акруговай камісіі.
Назіральнік сцвярджае, што ў руках у выбаршчыцы быў стос бюлетэняў. Калі ён здымаў, старшыня камісіі параіла дзяўчыне выйсці з участка для галасавання. Пазней высветлілася, што дзяўчынай была Анастасія Кулічкова, якая працуе педагогам-псіхолагам у дзіцячым садку. А старшыня выбаркама — дырэктар таго самага садка Таццяна Мосіна.
Напярэдадні скандал з бюлетэнямі ў Брэсце пракаментавала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Чыноўніца заявіла, што назіральнік парушыў закон і яго трэба пазбавіць акрэдытацыі, бо “здымаць на выбарчым участку можна толькі са згоды старшыні ўчастковай камісіі”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.