Аўтуховічу далі 5 гадоў за 5 патронаў (+ ФОТА)

Асіпенку і Ларына суд асудзіў на 3 гады калоніі кожнаму, а падпалкоўнік міліцыі Казлоў атрымаў 2 гады. Усе — без канфіскацыі маёмасці. Вярхоўны суд прызнаў недаказанай віну Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі, Аляксандра Ларына і Міхаіла Казлова амаль па ўсіх галоўных пунктах абвінавачвання. Так, суд палічыў недаказаным факт стварэння Аўтуховічам злачыннай групоўкі і кіраўніцтва ёю. Не рыхтавалі абвінавачаныя, паводле меркавання суддзі, і тэрактаў супраць былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ўладзіміра Саўчанкі, а таксама замаху на былога намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі.

Больш за тое, і з Аўтуховіча, і з Асіпенкі знялі абвінавачванні ў арганізацыі падпала дома былога начальніка Ваўкавыскай міліцыі Сяргея Кацубы ў 2004 годзе.





Нягледзячы на гэта, суддзя Аляксандр Цяцюхін, на падставе знойдзеных у Аўтуховіча дома 5 патронаў да паляўнічага ружжа, прысудзіў яму пакаранне ў выглядзе 5 гадоў і 2 месяцаў калоніі строгага рэжыму. За “незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”.

Суддзя Цяцюхін: “Аўтуховіча прызнаць вінаватым у незаконным набыцці, перадачы, захоўванні, перавозцы і нашэнні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, здзейсненым паўторна, па папярэдняй змове групай асоб. І прызначыць пакаранне тэрмінам на 5 гадоў з адбыццём у калоніі строгага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Часткова даяднаць неадбытае пакаранне паводле прысуду Кастрычніцкага суда Гродна і канчаткова прызначыць пакаранне 5 гадоў і 2 месяцы”.

Аляксандру Ларыну і Ўладзіміру Асіпенку фактычна за тое ж самае суд прысудзіў па 3 гады калоніі: Ларыну — узмоцненага рэжыму, Асіпенку — строгага. Былому падпалкоўніку міліцыі Міхаілу Казлову — 2 гады калоніі агульнага рэжыму за невыкананне службовых абавязкаў. Ён нібыта не паведаміў наверх аб атрыманай інфармацыі пра тэракт у адносінах да Саўчанкі, якую ён атрымаў ад Асіпенкі.

Але праваабаронца Алег Воўчак нават такія тэрміны лічыць занадта вялікімі. Нягледзячы на тое, што следчыя пракуратуры настойвалі на 20 гадах зняволення таму ж Аўтуховічу. І кажа, што прысуджаныя тэрміны зняволеныя не адседзяць цалкам.

Алег Воўчак:
“Гэта палітычнае рашэнне, бо ў нас цэлы год праводзілася шырокая грамадская кампанія. Паверце, калі б сказалі асудзіць па тэракце, то асудзілі б. Я не лічу, што гэта заслуга суддзі. Было бачна, што іх няма за што трымаць пад арыштам. Таму гэта — больш палітычная акцыя”.



Не выключае ён і таго, што зараз пачнецца чарговае супрацьстаянне сілавых структур.

Алег Воўчак: “Гэта была справа супраць пракуратуры і МУС. Мяркую, зараз будзе адстаўка высокапастаўленых чыноўнікаў пракуратуры. А КДБ можа распачаць справу супраць следчых пракуратуры, якія вялі гэтую справу, і супрацоўнікаў міліцыі”.

Тое, што суддзя, выносячы прысуд, карыстаўся не толькі заканадаўствам, прызнае і Аляксандр Казулін.

Аляксандр Казулін: “Улады не змаглі пайсці на грубае парушэнне заканадаўства. Проста не змаглі. Бо відавочна было, што ніякіх доказаў проста няма”.



У разгубленасці ад пачутага выйшаў з залы суда і амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

Стэфан Эрыксан:
“Суд сам пацвердзіў, што паказанні Ларына былі супярэчлівыя. І таму, вядома, 5 гадоў — гэта вельмі цяжкі прысуд. Трэба зразумець, што адбылося і за што судзілі людзей. Я яшчэ не ўсё зразумеў, што там адбылося, калі шчыра казаць”.



Абураны прысудам і лідэр “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Саннікаў.

Андрэй Саннікаў: “Я буду рабіць усё, каб як мага хутчэй вызваліць Аўтуховіча. Нельга ўздыхаць з палёгкай з нагоды, што далі не 20 гадоў, а 5. Гэта і ёсць паказчык таго, што ў нас адбываецца”.



На думку сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Віталя Рымашэўскага, прысуд чаканы. Але, кажа, ім не мусілі прысуджаць нічога.

Віталь Рымашэўскі: “Ім не павінны былі ўвогуле даваць ніякага тэрміна. І тое, што пракуратура запрасіла такія вялікія тэрміны, — гэты сцэнар быў запраграмаваны. Каб потым знізіць і паказаць, што рэжым трошкі ліберальны. Мне гэта нагадвае клаунаду”.



Не згодны з прысудам і сябра Аўтуховіча, былы “афганец” Аляксандр Камароўскі.



А людзі, якія прыйшлі да Вярхоўнага суда падтрымаць зняволеных, але ў залу не трапілі, зладзілі на вачах у паставых міліцыянтаў імправізаваны мітынг падтрымкі.



Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі