Авіякампаніі ва ўсім свеце забаранілі заставацца ў кабіне аднаму пілоту

Пасля авіякатастрофы пасажырскага самалёта Airbus A-320 нямецкай кампаніі Germanwings, якая адбылася 24 сакавіка ў французскіх Альпах і ўнесла жыцці 150 чалавек, многія перавозчыкі змянілі правілы знаходжання пілотаў у кабіне. Такія кампаніі, як Norwegian Air Shuttle, брытанская Easyjet, Air Canada, Air New Zealand, а таксама Air Berlin, Lufthansa, Condor, TuiFly і airBaltic заявілі, што цяпер пілот ніколі не будзе заставацца адзін. Калі нехта з членаў экіпажу выйдзе, яго павінен замяніць адзін са сцюардаў. Такія правілы раней ужо ўвялі Ryanair і Finair.

Між тым, прадстаўнікі “Белавіа” не здолелі адказаць журналістам Еўрарадыё, ці збіраюцца яны ўводзіць аналагічныя змены. Хоць патрэба ў іх наспела ўжо даўно. У гісторыі вядомыя выпадкі, калі пілоты наўмысна разбівалі самалёты разам з пасажырамі.

Нагадаем, 26 сакавіка пракурор Марселя Брыс Рабэн паведаміў, што Андрэас Любіц, другі пілот аэробуса A320 наўмысна скіраваў самалёт у горы.

Запісы бартавога самапісца паказваюць, што другі пілот кантраляваў зніжэнне да моманту, калі лайнер урэзаўся ў гару. Па словах Рабэна, першы пілот перад аварыяй выйшаў з кабіны і не змог вярнуцца назад. Пасля ператрусу ў доме пілота знайшлі даведку, згодна з якой на дзень катастрофы Андрэас Любіц павінен быў быць на бальнічным.

Дзяўчына пілота, які знішчыў лайнер А320: Ён хацеў увайсці ў гісторыю

У 1994 годзе ў Марока разбіўся самалёт ATR-42 Каралеўскіх ВПС Марока. Паводле асноўнай версіі пілот адключыў аўтапілот і скіраваў самалёт у горы. Загінулі 44 чалавекі.

У снежні 1997 года ў Інданезіі адбылася авіякатастрофа Boeing 737 авіякампаніі Silk Air. Тады самалёт ляцеў з Джакарты ў Сінгапур. Прычынай, як мяркуецца, таксама сталі “наўмысныя дзеянні камандзіра экіпажа”. Тады загінулі 104 чалавекі.

У 1999 годзе над Атлантыкай пацярпеў крушэнне самалёт рэйса 990, Лос-Анджэлес — Каір, авіякампаніі Egypt Air. Амерыканскія даследчыкі лічаць, што авіякатастрофа адбылася з-за “наўмысных дзеянняў першага пілота”. Тады загінула 217 чалавек.

У лістападзе 2013 года ў Намібіі адбылася авіякатастрофа рэйса TM470. Тады ў самалёце мазамбікскай авіякампаніі LAM загінулі 33 чалавекі. Прычына — “наўмысныя дзеянні пілота”.

Некаторыя даследчыкі знікнення рэйса МН370 Malaysia Airlines лічаць, што капітан самалёта быў псіхічна хворы і скончыў жыццё самагубствам, загубіўшы ўсіх пасажыраў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі