У сеціве з’явіўся аўдыёзапіс апошняй хвіліны палёту А320
Адной з асноўных версій здарэння цяпер лічаць наўмысныя дзеянні другога пілота самалёта, Андрэаса Любіца.
Аўдыёзапіс апошняй хвіліны палёту лайнера А320 кампаніі Germanwings, які разбіўся 24 сакавіка ў французскіх Альпах, з’явіўся ў сеціве. У часе першых дзесяці секунд запісу чуваць крык і частыя глухія ўдары.
Як мяркуюць следчыя, першы пілот лайнера выйшаў з кабіны, а другі пілот заблакаваў яе дзверы і павёў самалёт на зніжэнне. У выніку лайнер урэзаўся ў скалы і разбіўся. Шум на аўдыёзапісе можа сведчыць пра тое, што першы пілот спрабаваў узламаць дзверы кабіны пры дапамозе сякеры.
Airbus A320 разбіўся на поўдні Францыі паміж гарадамі Дзінь-Ле-Бэн і Барселанэт у Альпах. Паводле афіцыйнай інфармацыі ад авіякампаніі Germanwings вядома, што на борце было 144 пасажыры і 6 членаў экіпажа — усяго 150 чалавек.
У дзень авіякатастрофы Airbus A320 другі пілот Андрэас Любіц мусіў быць на бальнічным. Парваную даведку аб гэтым знайшлі ў яго кватэры. Мяркуецца, што гэта з’яўляецца пацвярджэннем спробаў Любіца схаваць сваю хваробу ад супрацоўнікаў авіякампаніі.
Яшчэ ў чацвер падчас прэс-канферэнцыі ў аэрапорце Марсэля французскі пракурор Брыс Рабэн паведаміў, што згодна з папярэднім вынікам расследавання, Андрэас Любіц наўмысна знішчыў самалёт.
Фота: REUTERS