У дзень авіякатастрофы Airbus A320 другі пілот мусіў быць на бальнічным

У дзень авіякатастрофы Airbus A320 нямецкай авіякампаніі Germanwings другі пілот Андрэас Любіц мусіў быць на бальнічным. Парваную даведку аб гэтым знайшлі ў яго кватэры, заявіў галоўны пракурор Дзюсельдорфа Ральф Херэнбрук. Пракурор мяркуе, што гэта з’яўляецца пацвярджэннем спробаў Любіца схаваць сваю хваробу ад супрацоўнікаў авіякампаніі.

Херэнбрук таксама дадаў, што паліцыя канфіскавала некалькі асабістых рэчаў другога пілота, у тым ліку, і камп’ютар. А вось перадсмяротнай запіскі ў доме не знайшлі.

Яшчэ ў чацвер падчас прэс-канферэнцыі ў аэрапорце Марсэля французскі пракурор Брыс Рабэн паведаміў, што згодна з папярэднім вынікам расследавання, Андрэас Любіц наўмысна знішчыў самалёт.

Кім быў Любіц

Другі пілот авіякампаніі Germanwings 28-гадовы Андрэас Гюнтэр Любіц пачаў лётаць на планерах яшчэ ў 14 гадоў. Лётнай справе вучыўся ў Брэмене і ў штаце Арызона. З 2013 года пачаў працаваць другім пілотам. Федэральнае ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі ЗША (FAA) занесла Любіца у базу дадзеных высокакваліфікаваных лётчыкаў з высокім узроўнем здароўя і адукацыі. 

Пілот жыў разам з бацькамі ў горадзе Монтабаўр непадалёк ад Франкфурта. Быў кампанейскім і вёў актыўны лад жыцця, меў шмат сяброў, дзяўчыну. Мяркуючы па профілі ў сацсетках, захапляўся бегам і любіў поп-музыку. Па словах калег, быў задаволены працай.

Генеральны дырэктар Lufthansa Карстан Шпор заявіў прэсе, што Любіц быў “на 100% годны для палётаў”, але прызнаў, што ён “рабіў перапынак у сваёй падрыхтоўцы шэсць гадоў таму. Затым ён зноў прайшоў [псіхалагічныя] тэсты. І быў прызнаны годным... З-за чаго ён рабіў перапынак у некалькі месяцаў, я не ведаю”.

Па інфармацыі нямецкіх СМІ, перапынак ён браў, каб лячыцца ад дэпрэсіі.

Фота: Reuters, Wolfgang Nass/BILD

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі