Дадзеныя з другога самапісца: Андрэас Любіц наўмысна знішчыў самалёт

Другую чорную скрыню аэробуса А-320, што пацярпеў крушэнне ў французскіх Альпах 24 сакавіка, знайшлі ў чацвер і тэрмінова даставілі для расшыфроўкі ў Руасі, дзе месціцца Упраўленне даследаванняў і аналізу бяспекі грамадзянскай авіяцыі Францыі. Пасля аналізу дадзеных самапісца, спецыялісты гэтага цэнтра заявілі, што другі пілот Андрэас Любіц наўмысна скіраваў самалёт у горы.

“Першае даследаванне чорнай скрыні паказала, што пілот, які знаходзіўся ў кабіне, выкарыстаў аўтапілот для таго, каб апусціць самалёт да вышыні ў 30 метраў. Таксама некалькі разоў у ходзе зніжэння пілот змяняў параметры аўтапілота для павелічэння хуткасці зніжэння самалёта”, — перадае словы экспертаў французскі канал BFMTV.

Першы бартавы самапісец, што змяшчаў запісы перамоваў у кабіне, быў знойдзены неўзабаве пасля катастрофы. Прааналізаваўшы запіс, следчыя тады таксама зрабілі выснову, што Любіц наўмысна знішчыў самалёт. Ён заблакаваў дзверы пасля таго, як першы пілот выйшаў у прыбіральню і накіраваў лайнер у схіл гары.

Падчас ператрусу ў кватэры Любіца, следчыя знайшлі яго асабісты планшэт і аднавілі гісторыю яго пошукаў у інтэрнэце. Ён цікавіўся сістэмай бяспекі дзвярэй кабіны пілотаў. А ў перыяд з 16 сакавіка па 23 сакавіка (то бок, за дзень фатальнага рэйса) яго цікавілі метады суіцыдаў. Раней стала вядома, што Андрэас Любіц на працягу некалькіх гадоў пакутаваў ад дэпрэсіі.

У раёне трагедыі працягваюцца пошукі аскепкаў самалёта і парэшткаў целаў. Асобы загінулых ідэнтыфікуюць па аналізе ДНК, на дадзены момант знойдзеныя парэшткі 78 чалавек.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі