"АйПаўэр" мусіць вярнуць 5,7 млн руб. інвестыцый, вылучаных на брэсцкі завод АКБ

"АйПаўэр" мусіць вярнуць 5,7 млн руб. інвестыцый, вылучаных на брэсцкі завод АКБ

Эканамічны суд у Брэсце 5 лютага пастанавіў, што ТАА "АйПаўэр" павінна вярнуць 5,7 мільёна рублёў, вылучаных з інавацыйнага фонду на будаўніцтва акумулятарнага завода. З адпаведным пазовам у суд звярнуліся прадстаўнікі Брэсцкага аблвыканкама, піша TUT.by. 

Сустрэчны пазоў ТАА "АйПауэр" да аблвыканкама суд адхіліў.

Аблвыканкам адзначаў, што грошы з інавацыйнага фонду вылучаліся ў 2016 годзе пад умовай, што да 31 ліпеня 2019 года завод павінен быць уведзены ў эксплуатацыю. Аднак гэтага не адбылося.

Як паведамлялася раней, завод пакуль так і не змог прайсці экалагічную экспертызу. Следам за брастаўчанамі, якія амаль два гады пратэстуюць супраць экалагічна небяспечнага прадпрыемства, свае асцярогі выказалі кіраўнік вобласці Анатоль Ліс і нават Аляксандр Лукашэнка. Кіраўніцтва фірмы "Айпаўэр" было затрыманае Камітэтам дзяржбяспекі па падазрэнні ў дачы хабараў. Пазней іх выпусцілі пад падпіску. 

"АйПауэр" у сваім адказе спасылаўся на інвестыцыйную дамову, падпісаную з Брэсцкім аблвыканкамам у 2017 годзе. Там указана, што ўвод завода ў эксплуатацыю павінен адбыцца ў другім квартале 2020 года. Адпаведна з гэтай дамовай у кампаніі яшчэ ёсць час. 

Прадстаўнікі аблвыканкама ў адказ заявілі, што грошы вылучаліся не па інвестыцыйнай дамове, на якую спасылаюцца адвакаты "АйПауэр".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі