Бабруйчанка, якая “збіла” міліцыянера: Мяне перасталі пускаць да маіх дзяцей
Бабруйскі суд працягвае разгляд справы, у выніку якой будзе вырашана, ці пазбавяць маму і тату правоў на дваіх дзяцей.
У кастрычніку Настассю Навоеву асудзілі за “збіццё” міліцыянера. Дваіх яе дзяцей, Івана і Ульяну, змясцілі ў сацыяльны прытулак. Жанчыне прагаварылі да “хатняй хіміі”. У тым жа месяцы ў судзе запусціліся новыя працэсы, ужо грамадзянскія. Разбіраюцца, аддаваць бацькам дзяцей ці адабраць іх канчаткова. Апошняе судовае пасяджэнне прайшло яшчэ ў кастрычніку. Настассі Навоевай і Генадзю Гарленку, роднаму бацьку дзяцей, прызначылі судовыя экспертызы. З таго часу мінула больш за паўтара месяца.
“Павінна быць экспертыза наконт разыходжанняў у маіх псіхіятрычных дыягназах. Я ўрачоў не праходзіла, а на апошнім судзе ўсплылі гэтыя дыягназы. Спадзяюся, што экспертызу правядуць у Мінску і нічога не падтасуюць. Але чамусьці ўсе прыціхлі, наконт экспертыз не тэлефануюць, мне гэта ўсё вельмі надакучыла”, — дзеліцца Навоева з Еўрарадыё.
Да дзяцей у сацыяльны прытулак Бабруйска жанчыну пускаць перасталі. Агульнай мовы з выхавацелямі Настасся знайсці не можа:
“Я лічу, што сын не заўсёды ахайна апрануты, за ім недастаткова прыглядаюць. Таксама ў прытулку аднойчы я ўбачыла пабітага хлопчыка, выклікала міліцыю. А выхавацелі напісалі, што я прыходжу і бунтую. Таму наведвала сына ў 18-й школе. Дык вахцёра папярэдзілі, каб мяне і туды не пускалі. Усё, што мне застаецца, калі дзеці выходзяць з прытулку, іду з сынам у школу. Гутарым па дарозе, нешта яму перадаю. Нядаўна дачка трапіла ў бальніцу. Хадзіла да яе кожны дзень. Бальніца інфекцыйная, туды не пускалі, але мы ўмудраліся размаўляць праз акно і нават абдымацца”.
Настасся Навоева працягвае працаваць на “Белшыне”. Кажа, што яе заробак блізкі да сямі мільёнаў. Пасля СІЗА, дзе яна прабыла за “збіццё” міліцыянера, жыццё на волі ўдалося больш-менш уладкаваць.
Але калі экспертыза выявіць, што жанчына мае псіхічныя адхіленні, то апякунскіх правоў яе пазбавяць.
Бацька Івана і Ульяны: “Аддайце мне дзяцей, і усё будзе добра. Не разумею, чаму супраць мяне пруць”
У межах гэтага ж судовага працэсу правоў на дзяцей могуць пазбавіць Генадзя Гарленку — роднага бацьку Івана і Ульяны. Некалі ён жыў разам з Навоевай, але потым сцежкі разышліся.
Тым не менш, сама Настасся кажа Еўрарадыё, што Генадзь увесь час клапаціўся пра дзяцей: плаціў аліменты, дарыў падарункі і прыглядаў, калі дзеці заставаліся дома адны.
“Лічу, што Генадзя няма за што пазбаўляць правоў. Да яго дзеці вельмі цягнуцца. Асабліва сын. Мы з Генадзем часам не знаходзім агульнай мовы, але я ніколі не пайду супраць сына”, — разважае Навоева.
Гарленка — рабочы “Белшыны”, які ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і не стаіць на ўліку ў нарколага. Нягледзячы на гэта, Камісія па справах непаўнагадовых Ленінскага раёна Бабруйска і мясцовы аддзел адукацыі звярнуліся ў суд з іскам супраць яго. Чыноўнікі лічаць, што бацька дзяцей у свой час самаўхіліўся ад іх выхавання.
“Вельмі хачу забраць дзяцей да сябе. Наведваю дзяцей у прытулку штодня. Тое, што яны знаходзяцца там, — праблема. З “Белшыны” мяне адпускаюць у 17.30. Пакуль на тралейбусе даязджаю да прытулку, мне застаецца на дзяцей усяго паўгадзіны. Таксама за прытулак трэба плаціць каля двух мільёнаў на месяц. Гэты абавязак ляжыць на мне. Лепш бы гэтыя грошы пайшлі на дзяцей. Калі б мне іх аддалі, дома створаныя ўсе належныя ўмовы. Можаце прыехаць і самі праверыць. Не разумею, за што мяне можна пазбавіць бацькоўскіх правоў?” — наракае Генадзь.
Генадзь Гарленка запэўнівае, што ўся яго сям'я гатовая дапамагаць з выхаваннем дзяцей, а таксама ён мае неабходную жыллёвую плошчу.
“Аддайце мне дзяцей, і ў іх усё будзе добра. Не я падвёў гэтую сітуацыю да такой стадыі. Чаму супраць мяне пруць, я не разумею. Усе блізкія ад усяго гэтага вельмі стаміліся”.
Відавочна, што да Новага года суд Бабруйска не паспее вынесці рашэнне па гучнай справе.