Бацька Іллі Салея аб сустрэчы сына з Лукашэнкам: “Ультыматыўнай формы не было”
Васіль Салей і Ілля Салей / borovtsovsalei.com
10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прыехаў у СІЗА КДБ на сустрэчу з палітвязнямі. Паводле афіцыйнай версіі, Лукашэнка прапанаваў суразмоўцам пагаварыць аб канстытуцыйнай рэформе. На думку Іллі Салея, сустрэча праходзіла ў фармаце абмеркавання, ніякіх ультыматумаў не гучала. Пра гэта Еўрарадыё распавёў яго бацька і адвакат Васіль Салей.
— Наколькі я зразумеў, ультыматыўнай формы не было. Гэта была гутарка. Ілля сказаў, што ёсць дамоўленасць, што падрабязнасці гэтай сустрэчы яны пакідаюць у таямніцы паміж сабой і ніхто гэтыя падрабязнасці выдаваць не будзе, — распавядае Васіль Салей. — Уражанні Іллі ад сустрэчы — гэта не былі перамовы, гэта было абмеркаванне, кожны меў магчымасць выказацца. Аб чым ён гаварыў і што гаварыў — захаваў у таямніцы.
Адваката Марыі Калеснікавай Іллю Салея затрымалі 9 верасня. Яго абвінавацілі па артыкуле 361 Крымінальнага кодэкса: "Заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду знешняй бяспекі Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абароназдольнасці". Салей знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарскага. Па словах бацькі, Ілля — адзін з самых маладых у камеры.
— Стандартныя ўмовы знаходжання на Валадарскага. Камера даволі вялікая, нават ёсць яшчэ вольныя месцы. Адносіны з сукамернікамі ўсталяваліся нармальныя, якога-небудзь ціску з боку адміністрацыі або сукамернікаў ён не адчувае. Стаўленне з боку адміністрацыі падкрэслена паважлівае. Кажа, што ён адзін з самых малодшых у камеры, але з ім размаўляюць выключна на вы.
Вядома, гэта не дом адпачынку. Адзіная праблема — сумна, няма чаго рабіць. Ратуюць лісты. Чытае лісты, чытае кнігі, стараецца адказваць на максімальную колькасць лістоў, якія атрымлівае.
На сустрэчы з Лукашэнкам, акрамя Іллі Салея, прысутнічалі Віктар і Эдуард Бабарыкі, адвакат Максім Знак, палітолаг Віталь Шкляраў, блогер Сяргей Ціханоўскі, сябра Каардынацыйнай рады Лілія Уласава, каардынатар штаба Віктара Бабарыка Юрый Васкрасенскі, дырэктар мінскага офіса PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч. Апошнім двум змянілі меру стрымання на наступны дзень — цяпер яны пад хатнім арыштам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.