Бацька Кныровіча: Як сын сябе адчувае? Самі разумееце, чатыры гады глядзеў БТ
Бацька беларускага бізнесмена Аляксандра Кныровіча Станіслаў Кныровіч расказаў Еўрарадыё пра тое, як адчувае сябе сын пасля вызвалення. Ён выйшаў на волю напярэдадні, за кратамі знаходзіўся са студзеня 2017 года.
"Як ён сябе адчувае? Ну, самі разумееце, чалавек чатыры гады глядзеў БТ", — смяецца Станіслаў Кныровіч.
"Ён жыве не ў нас, — працягвае ён аповед пра сына. — Тэлефонам яшчэ не абзавёўся, ён жа толькі ўчора позна ўвечары прыехаў. Па-мойму, ён захоча проста спачатку паглядзець і ўвайсці ў жыццё. Абяцаў падысці ў госці сёння, але калі — не ведаю".
Кіраўнік групы кампаній “Сармат” Аляксандр Кныровіч быў асуджаны ў ліпені 2018-га за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (пазней тэрмін пакарання скарацілі на год). Але ў СМІ справу нярэдка называлі палітычнай. Кныровіч не прызнаў сваю віну.
На час затрымання Аляксандр Кныровіч быў адным з самых медыйных бізнесменаў у краіне, адкрыта крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і яго эканамічную мадэль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.