"Бацюшку са свастыкай" пагражае да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці
Канстанціну Бурыкіну, вядомаму як "бацюшка са свастыкай", следчыя выставілі абвінавачанне. Яго вінавацяць па другой частцы 295 артыкула Крымінальнага кодэкса — "незаконнае набыццё, захоўванне, перавозка, выраб ці нашэнне агнястрэльнай зброі", а таксама па трэцяй частцы таго ж артыкула — "дзеянні, прадугледжаныя другой часткай артыкула, учыненыя паўторна альбо групай асобаў па папярэдняй змове". Пра гэта паведамляе nn.by са спасылкай на Следчы камітэт.
Бурыкіну пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Яго справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Як паведамлялася раней, Бурыкіна затрымалі напрыканцы лістапада 2016 года. Ён тады ўзначальваў праваслаўны прыход вёскі Гатава пад Мінскам і адначасова быў фактычным кіраўніком Федэрацыі паўэрліфтынга Беларусі.
Вядомасць ён набыў пасля таго, як стала вядома, што пад царкоўнай вопраткай святар носіць нацысцкія тату. У інтэрв'ю Еўрарадыё Бурыкін распавядаў, што набіў сабе гэтыя тату ў 90-я гады, калі быў прыхільнікам РНЕ ("Рускае Нацыянальнае Адзінства").