Багданкевіч: Улада можа змяніць персанальны склад Савета Макея

Cябры Грамадска-кансультацыйнага савета па-рознаму ўспрынялі рашэнне Ўладзіміра Макея аб своеасаблівым “тайм-аўце”: Багданкевіч упэўнены, што ўсё з-за яго выказванняў, Трусаў бачыць прычыну ў стаўленні апазіцыі да дзейнасці рады, а Нісцюк збіраецца і надалей дасылаць лісты з прапановамі кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта
Больш за ўсіх астатніх сябраў Савета негатыўна выказваўся ў прэсе наконт працы Савета Станіслаў Багданкевіч. Былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі распавёў Еўрарадыё, што з’яўленне Савета ў цяперашняй сітуацыі ў нашай краіне — з’ява, безумоўна, пазітыўная. Аднак захады ўлады пасля выслухвання прапаноў ад грамадскіх дзеячаў былі мінімальныя:

Багданкевіч: “Ва ўмовах “беларускай дэмакратыі” і такая пляцоўка з’яўляецца крокам наперад. Таму ў гэтай частцы Савет быў карысным, нават і калі не вельмі выніковым. Я б нават сказаў, што па кожнай з нашай прапаноў улада рабіла пэўныя зрухі. Аднак насілі яны, вядома, больш касметычны характар”.

На думку спадара Багданкевіча, прычыны прыпынення дзейнасці Грамадска-кансультацыйнага савета могуць быць рознымі. Аднак не трэба выключаць і фактар “непрымальнасці” для ўлады некаторых сябраў Савета. Напрыклад, самога Багданкевіча.

Багданкевіч: “Можа быць ва ўладзе жадаюць змяніць склад Савета. Мяне, напрыклад, выдаліць са складу… Вось яны вылучылі мяне на пасаду сябра Савета, а я апынуўся непрымальным. Макей у сваёй заяве зазначыў, што нехта лічыць Савет “бутафорскай” арганізацыяй. Я, напрыклад, так не лічу, аднак упэўнены, што выніковасць Савета набліжаная да нуля”.

А вось Уладзімір Нісцюк, былы намеснік БСДП (Грамада), не бачыць нічога страшнага ў перапыненні дзейнасці Рады. Палітык зазначыў у інтэрв’ю Еўрарадыё, што існуе вельмі шмат знешніх фактараў, якія ўплываюць на ўнутраную палітыку Беларусі:

Уладзімір Нісцюк: “Усе мы — дзеці савецкага часу, таму і жадаем, каб усё было адразу. Каб мы былі ўсе на Марсе, то можна было б збірацца хоць кожны тыдзень і раіцца. Не трэба забывацца на тое, што мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, дзе сыходзяцца Ўсход і Захад. Таму існуе шмат прычын, якія ўплываюць на сітуацыю. Трэба разумець, што не можа ўсё адбывацца вельмі хутка”.

Уладзімір Макей у сваёй заяве наконт перапынення дзейнасці Грамадска-кансультацыйнага савета пазначыў наступным крокам дыялога ўлады з экспертамі “далейшыя прыватныя кансультацыі з сябрамі Савета пра магчымасці і парадак будучай працы”. Спадар Нісцюк распавёў Еўрарадыё, што калі ўсё пойдзе менавіта так, то нічога дрэннага не адбылося. На думку палітыка, папросту трэба добра прааналізаваць назапашаны досвед працы за 10 месяцаў, рэарганізоўвацца і працягваць дыялог:

Уладзімір Нісцюк: “Калі будуць працягвацца нейкія кансультацыі — я гатовы выказаць свае думкі наконт таго, што такая арганізацыя павінна быць. Што трэба разгортваць яе, падзяляць па пэўных накірунках працу. Аднак эфектыўна працаваць атрымаецца толькі пры адной умове: выказвацца як эксперты. А яшчэ нельга ні ў якім разе прасоўваць нейкія свае прапановы з патрабаваннем, каб яны былі выкананыя”.

Алег Трусаў, старшыня “Таварыства беларускай мовы”, гэтаксама лічыць, што сам факт пачатку дыялогу беларускіх уладаў з прадстаўнікамі грамадскасці — справа вельмі карысная. Аднак, як сцвярджае спадар Трусаў, не трэба забывацца і на амаль спрадвечныя хібы айчынных апазіцыянераў:

Трусаў: “Любы дыялог заўжды лепей за яго адсутнасць. Памылка нашай апазіцыі ў тым, што яна альбо не можа ўступаць у прамыя перамовы з уладай, альбо папросту не хоча, альбо баіцца. Толькі калі людзі сустракаюцца твар у твар, можна нечага дасягнуць. Гэта паказала і “Салідарнасць” у Польшчы, і Нямеччына, калі зламалі Берлінскі мур“.

Аднак Алег Трусаў не зусім верыць у тое, што рашэнне аб перапыненні дзейнасці Савета было прынятае самім Макеем. На яго думку, гэта вынік вялікай палітычнай гульні беларускіх уладаў з Захадам.

Трусаў: “Гэта яму, безумоўна, загадалі зрабіць. Гэта не яго ініцыятыва. Такі сур’ёзны чалавек папросту не мае права крыўдзіцца. Мне здаецца, што гэта было зроблена напярэдадні 16 лістапада”.

Нагадаем, што 16-17 лістапада ў Бруселі адбудзецца паседжанне Савета ЕС, на якім вырашыцца лёс візавых санкцыяў адносна беларускіх чыноўнікаў. Асвятленне гэтай падзеі проста з Брусэля – на старонцы Еўрарадыё "Клікні Еўропу".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі