Баксёры пра Мінск: Тут добрыя авеню, людзі, смешная паліцыя на трактарах
Замежныя байцы, якія прыехалі ў Беларусь на Чэмпіянат Еўропы, хваляць арганізацыю і наракаюць на новую сістэму судзейства.
“Рынгі добрыя, усталяваныя якасна. Гатэль побач. Не трэба парыцца, што да спаборніцтваў далёка ехаць, ― пералічвае малдаўскі баец Пеця Чабану (81 кг). ― Калі шчыра, нязручнасць для ўсіх баксёраў ― гэта новая сістэма судзейства, якую цяпер увялі”
У новай сістэме і сапраўды бабёр расколе зубы. Двубоі ацэньваюць ажно пяць суддзяў, ацэнкі выстаўляюцца па дзесяцібальнай сістэме. З усіх вынікаў выбіраюцца толькі тры, каб пазбегнуць несправядлівасці. Прынамсі, так заяўляецца.
“Калі быць шчырым, я не чакаў, што Мінск будзе такім прыгожым. Да гэтага мы выязджалі ў два месцы. Напрыклад, у Баку. Але там так не было, ― распавядае англійскі баец Чарлі Эдвардс (52 кг). ― У Мінску мы можам хадзіць па наваколлі і рэлаксаваць. Гатэль добры, авеню добрыя. Усё сапраўды падабаецца”.
“Больш неяк савецкая тут абстаноўка, вельмі нават добрая, можна сказаць, ― бярэ слова азербайджанскі баксёр Гайбатула Гаджыаліеў (64 кг). ― Спакойны горад, вельмі добры. Ваша паліцыя на трактары здзівіла (Гайбатула пабачыў, як у Беларусі адбываецца эвакуацыя аўто, ― Еўрарадыё). Гэта неяк смешна, мне падалося. Людзі тут больш добрыя, лепшыя, чым у Расіі і ва Украіне. Мне тут больш падабаецца”.
У асаблівасці Гайбатула пахваліў тое, што трэніровачная зала і гатэль знаходзяцца поруч з Палацам спорту.
Пра тое ж самае як адзін паўтаралі і іншыя баксёры, з якімі нам удалося пагутарыць.
“Прыгожая цырымонія адкрыцця, двубоі, арганізацыя ― усё супер, ― распісвае польскі баец Матэвуш Трыц (81 кг). ― Калі казаць пра Мінск, то яшчэ не меў часу аглядзецца, бо баксірую”.
“Вельмі добра тут, думаў, будзе не так, ― цёпла зазначае валіец Зак Дэвіс (64 кг). ― Быць у гэтым месцы добра, людзі настроеныя па-сяброўску”.
Паўфіналы і фіналы Чэмпіянату Еўропы па боксе пройдуць 7-га і 8-га чэрвеня ў мінскім Палацы спорту. Адразу сем беларускіх баксёраў прэтэндуюць на медалі. Спадзяемся, імпэт, з якім нашы байцы ўзяліся за справу на пачатку турніру, не згасне.
Пеця Чабану (Малдова)
Чарлі Эдвардс (Англія)
Матэвуш Трыц (Польшча)
Гайбатула Гаджыаліеў (Азербайджан)
Зак Дэвіс (Уэльс)