Балточка: фінансавыя ўлады будуць імкнуцца, каб капейка захавалася

Балточка: фінансавыя ўлады будуць імкнуцца, каб капейка захавалася

Стан беларускай эканомікі Беларусі стаў прадметам дыскусіі ў межах сумеснага праекта ePramova і Еўрарадыё з удзелам намесніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Льва Марголіна, кіраўніка Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" Ігара Маслоўскага і эксперта па эканоміцы "Ліберальнага клуба" Антона Балточкі. Мадэратарам дыскусіі выступіў журналіст Паўлюк Быкоўскі.

Удзельнікі дыскусіі пагадзіліся з тым, што Беларусь дасягнула пэўнай фінансавай і валютнай стабільнасці. Пры гэтым Леў Марголін параўнаў гэты стан з наяўнасцю дарог у краіне — але ж па іх нехта павінен ездзіць і нешта вазіць, толькі тады можна будзе казаць пра аздараўленне эканомікі. Ігар Маслоўскі прапанаваў мераць стан беларускай эканомікі праз узровень дабрабыту жыхароў краіны, а Антон Балточка працягнуў метафару Марголіна, сказаўшы, што дарога пакуль ідзе ў правільным накірунку, але канстатаваць вынік на пачатку забегу будзе не зусім правільна.

"Неабходна, каб тыя або іншыя паказчыкі пратрымаліся на працягу хаця б года... Тады я магу дакладна сказаць, што ў нас дасягнутая тая або іншая стабільнасць", — падкрэсліў эксперт.

Што тычыцца дэнамінацыі, то і Маслоўскі, і Марголін, і Балточка пагадзіліся, што нулі трэба было закрэсліваць, новыя грошы ўводзіць, бо яны былі надрукаваныя.

На думку прадстаўніка АГП, рашэннем аб дэнамінацыі кіраўнік дзяржавы пераключае ўвагу жыхароў з кепскага стану эканомікі на штучна створаныя нязручнасці пераходу на новыя грошы:

"Выбары прайшлі, ганарыцца няма чым. Сітуацыя ў эканоміцы дрэнная. І вось наваабранаму прэзідэнту тут трэба было нешта такое прапанаваць каб было пра што людзям казаць".

Сацыял-дэмакрат Ігар Маслоўскі не дэнамінацыю беларускага рубля, а беспрацоўе назваў праблемай №1. "Увесь цяжар эканамічнага крызісу ўлады перакладаюць проста на плечы звычайнага жыхара. Больш за тое, не проста не ствараюць (працоўныя) месцы, але кажуць, што калі ты беспрацоўны, то ты яшчэ і павінен заплаціць", — лічыць апазіцыйны палітык.

З калегай згодны і Леў Марголін, ёсць простая формула барацьбы з беспрацоўем, але не дзяржава павінна ствараць працоўныя месцы — яна павінна ствараць умовы, каб працоўныя месцы ствараў бізнес, пераконвае прадстаўнік АГП.

Аналагічнай пазіцыі прытрымліваецца і эканаміст Антон Балточка. Але эксперт "Ліберальнага клуба" звяртае ўвагу на тое, што найбольшай праблемай з'яўляецца адсутнасць даверу да палітыкі ўладаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі