Банкі гандлююць беларускімі манетамі, завышаючы іх вартасць у 6 разоў
Зроблены ў адным з аддзяленняў "Тэхнабанка" фотаздымак з'яўляецца ў сацсетках. На ім можна ўбачыць, што набор беларускіх манет прадаецца ў банку за 26 рублёў і 46 капеек. І ўсё б нічога, але гэта... самыя звычайныя манеты, выпушчаныя ў 2009 годзе і ўведзеныя ў абарот 1 ліпеня 2016-га. То бок на адным камплекце можна зарабіць больш за 20 рублёў ― агульны намінал поўнага камплекта беларускіх манет роўны толькі 3 рублям 88 капейкам. У "Тэхнабанку" на пытанне Еўрарадыё аб незвычайнай сувенірнай прадукцыі адказаць змаглі не адразу. Праз некалькі гадзін замест адказу даслалі спасылку на сайт Нацбанка.
Там "Камплект памятных манет" апісаны больш падрабязна. Нацыянальны банк рэкамендуе прадаваць яго ўсім жадаючым па кошце 21 рубль, а камплекты выпушчаныя накладам 35 тысяч асобнікаў. Калі дапусціць, што на кожным з іх можна зарабіць прыкладна 17 рублёў, то прыбытак ад такога "грашовага" бізнесу можа скласці нават 600 тысяч рублёў, або 300 тысяч еўра. Няслаба.