“Бардаўская восень” пакажа ўсе магчымасці аўтарскай песні

Вядомы беларускі бардаўскі фэст пройдзе 22-24 кастрычніка на Беласточчыне. 22-24 кастрычніка на Беласточчыне адбудзецца фестываль аўтарскай песні “Бардаўская восень”. Фэст ставіць перад сабою мэтай паказаць аўтарскую беларускую песню ў яе класічным і сучасным варыянтах. Менавіта таму арганізатары імпрэзы ўжо ў мінулым годзе пашырылі яго стылістычную накіраванасць, дзякуючы якой стаў магчымым удзел у форуме акустычных гуртоў, трыа і г.д.

Па словах саарганізатара “Бардаўскай восені” з беларускага боку Алеся Зайцава, сёлетні фэст пакажа ўсе магчымасці беларускай аўтарскай песні як феномена.

Алесь Зайцаў: “Сёлетняя “Бардаўская восень” як і ў мінулыя гады будзе ўяўляць сабой фестываль, які адлюстроўвае актуальны стан беларускай аўтарскай песні ва ўсіх яе праявах. Гэта значыць, што “Бардаўская восень” з цягам часу, дарэчы, яна праходзіць 17-ы раз у гэтым годзе, крыху змянілася стылістычна, і зараз прадстаўляе не толькі класічных бардаў у сваім рэпертуары, але і на фестывальнай сцэне можна таксама пабачыць акустычныя гурты блюзавага накірунку, джазавага, рокавага… То бок, гэта даволі шырокі фармат, які можна падагуліць назвай “беларуская аўтарская песня”.

На думку Алеся, бардаўская песня ў Беларусі жыве, абрастае новымі фішкамі і не губляе сваёй актуальнасці. Доказам гэтага і ёсць фестываль “Бардаўская восень”.

Алесь Зайцаў: “Тое, што да конкурсу і да фестывалю ў цэлым дапускаюцца нейкія больш разгорнутыя склады – выканаўцы з акампаніятарамі, гурты, гэта не значыць, што барды сябе зжылі. Не. Сапраўды, ёсць вельмі цікавыя выканаўцы, і кожная “Бардаўская восень” – таму доказ. Таму што вельмі шмат прадстаўнікоў класічнага бардаўскага стылю альбо некласічнага, але ў класічнай форме – гітара і вакал, тут вельмі шмат варыянтаў”.
Арганізатары “Бардаўскай восені” – Звяз беларускай моладзі –абвясцілі прыём заявак на ўдзел у конкурсе.

Алесь Зайцаў: “Для таго, каб узяць удзел у адборачным канцэрце на конкурсную праграму фестывалю “Бардаўская восень-2010” трэба даслаць на адрас [email protected] свае дэма-запісы, ці хаця б адзін запіс, і анкету ўдзельніка, якую можна спампаваць на сайце нашага інфармацыйнага партнёра – музычнага партала “Тузін гітоў”. Тамсама можна знайсці ўсю падрабязную інфармацыю наконт умоваў удзелу і наконт таго, што, як і дзе будзе адбывацца”.

Адборачны тур да конкурсу пройдзе ў Мінску 18 верасня ў клубе “Піўная гісторыя”. Менавіта на ім прафесійнае журы адбярэ тых, хто пазмагаецца за прызы на асноўнай імпрэзе ў Польшчы. Паводле Алеся, пераможцаў конкурсу сёлета чакаюць добрыя прызы.

Алесь Зайцаў:
“Па прыкладзе мінулага года прызы сапраўды вартыя перамогі: гэта і запіс у прафесійнай студыі, гэта і грашовыя прызы, гэта і рэчавыя ўзнагароды ў выглядзе апаратуры і інструментаў… Але мне здаецца, што кожнаму, хто займаецца такім накірункам музыкі, будзе проста прыемна ўзяць удзел у фестывалі. І сапраўды, калі атрымаецца заняць нейкае месца, атрымаць гран-пры, то для кожнага выканаўцы гэта будзе адметнай прыступкай у жыцці, у творчым шляху”.

Дарэчы, дзеля таго, каб паехаць на Беласточчыну ў якасці канкурсанта, жадаючым не спатрэбіцца траціць уласныя грошы – усе затраты пакрыюць арганізатары, у тым ліку паклапоцяцца пра атрыманне бясплатнай візы.

Паводле Алеся, у планах фэсту – яго арганізаванае наведванне аматарамі бардаўскай песні з Мінска і ваколіц.

Фота: www.racyja.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі