Бары зноў пусцяць мінакоў ў прыбіральні: Пакуль трымаемся, на дзвярах замкі
Кавярні і крамы мусяць пускаць грамадзян у прыбіральню. Такі агульны змест пастановы Мінздароўя ад 12 кастрычніка пад нумарам 102. Нават калі ў краме ці кавярні няма грамадскай прыбіральні, яны мусяць адчыніць для ахвочых служэбную.
"На аўтазаправачных станцыях, аб'ектах грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, крамах, пры адсутнасці ў іх грамадскіх туалетаў, павінен быць дазволены доступ грамадзян у службовыя прыбіральні", — гаворыцца ў пастанове.
Да таго ж прыбіральні устанаўліваюцца ў крамах плошчай больш за 400 квадратных метраў і нават у мэблевых крамах і крамах будаўнічых матэрыялаў, якія большыя за 600 квадратных метраў. А таксама на рынках і ў скверах. Пастанова Мінздароўя уступіць у сілу праз два тыдні.
Накіроўваемся праверыць, куды пусцяць "памыць рукі" і без пастановы. Рэстаран "Авіньён" ад гасцініцы Еўропа ў Мінску. Ранкам наведвальнікаў няма. Прыбіральня адчыненая — заходзь хто хочаш.
Сталічная кавярня "Верхні горад", адкуль адкрываецца маляўнічы выгляд на Свіслач. З лёгкасцю пускаюць без нейкай замовы ў бары:
"Мы заўжды пускаем. Каб многа за дзень прыходзіла, дык такога няма. Але калі чалавек ветліва кажа, то чаму б не пусціць", — здзіўляецца бармэн.
"Грунвальд" на Карла Маркса таксама гатовы пусціць чалавека ў прыбіральню без праблем. Такіх тут няшмат, можа, маральна спыняе інтэр'ер.
"Мы заўжды пускалі, не было з гэтым праблем. А раптам у чалавека нейкія праблемы са здароўем. Ды і не многа да нас прыходзіць народу з такой просьбай", — адказваюць у кавярні.
Каб заходзілі валацугі, тут не прыгадваюць.
Новыя праблемы пастанова прыносіць кавярні "Т.О.Ч.К.А.", бо тая месціцца побач з універсамам "Цэнтральны" на сталічным праспекце Незалежнасці, дзе прыбіральні няма, а жадаючых выпіць недарагога піва хапае.
"Пакуль трымаемся, бо яшчэ ж два тыдні пастанова не дзейнічае. Кодавыя замкі стаяць у нас на прыбіральні. Але добра, каб універсам сваю прыбіральню завёў. Да таго ж, за рогам прыбіральня платная. Бо прыйдуць тыя, хто будзе патрабаваць пусціць", — адказвае адміністратарка.
Сапраўды, па прынятай пастанове ўніверсаму варта было б завесці сваю прыбіральню для наведвальнікаў. Як бачым, буйным рэстаранам такое рашэнне чыноўнікаў праблем не прынесла.