Барыс Грызлоў: вынікі ЦТ і расійскага ЕГЭ сумесцяць
Ужо прынятае рашэнне сумясціць сістэмы ацэнкі адукацыі для беларускіх і расійскіх выпускнікоў школ. Пра гэта амбасадар Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў заявіў 1 верасня падчас візіту ў мінскую гімназію №50, піша інфармагенцтва Sputnik-Беларусь.
Па словах дыпламата, Беларусь і Расія маюць агульнае адукацыйнае поле, што дае расіянам магчымасць навучацца ў Беларусі, а беларусам — у Расіі.
Грызлоў заявіў, што сёлета беларусы атрымалі ў расійскіх ВНУ 1100 квотаў на бюджэтныя месцы. "Думаю, што гэтая колькасць будзе ўзрастаць, таму што мы павялічваем колькасць бюджэтных месцаў, і ў нас сумяшчаюцца сістэмы ацэнкі адукацыі выпускнікоў. Тут (у Беларусі) гэта цэнтралізаванае тэставанне, у нас — адзіны дзяржаўны экзамен. Прынялі ўжо рашэнне, як сумясціць вынікі гэтых дзвюх атэстацый. Так што можна свабодней будзе паступаць у Расію", — падкрэсліў расійскі амбасадар.
У наступным навучальным годзе, дадаў ён, урад Расіі вылучыць для беларускіх абітурыентаў 1300 бюджэтных месцаў. Наборам, як і цяпер, будзе займацца прадстаўніцтва "Россотрудничества" ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.