БАТЭ пакуль што не чэмпіён Беларусі, а толькі лідар чэмпіянату

БАТЭ пакуль што не чэмпіён Беларусі, а толькі лідар чэмпіянату

10 снежня, у Сусветны дзень футбола, гульцы і заўзятары БАТЭ збіраліся адсвяткаваць перамогу ў чэмпіянаце Беларусі. Але ўрачыстасць на "Барысаў-Арэне" давялося адмяніць. Апошні тур самага драматычнага за апошнія гады чэмпіянату прайшоў два тыдні таму — 26 лістапада, але чэмпіён дагэтуль не вызначаны. БАТЭ фармальна пакуль што не пераможца, а толькі лідар нацыянальнага першынства.

"Мусіць сабрацца выканкам [Федэрацыі футбола], каб зацвердзіць вынікі сезона. Спачатку зацвярджэнне, пасля ўзнагароджанне. Але выканкам перанесены на няпэўны тэрмін. Вынікаў сезона дагэтуль няма", — тлумачаць Еўрарадыё ў Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ). 

Да адмены футбольнага свята на "Барысаў-Арэне" адбыліся яшчэ дзве адмены: на 8 снежня было запланаванае пасяджэнне выканкама АБФФ, на 9 снежня — цырымонія "Зорны мяч", на якой Федэрацыя традыцыйна падводзіць вынікі сезона. Абедзве падзеі не адбыліся. Прычым, не адбыліся раптоўна: яшчэ 6 снежня футбольныя чыноўнікі былі ўпэўненыя, што выканкам і "Зорны мяч" пройдуць па раскладзе, а на сайце abff.by з'явілася праграма мерапрыемстваў.

Што не так з сёлетнім чэмпіянатам? У Федэрацыі футбола пракаментаваць гэта не адмовіліся, але і канкрэтыкі ў сітуацыю дадалі не шмат:

"У сувязі з аспрэчваннем зацікаўленымі бакамі рашэння выканкама ад 23 лістапада 2017 года, запланаванае на 8 снежня пасяджэнне выканаўчага камітэта АБФФ пераносіцца на больш позні тэрмін. Такім чынам, падвядзенне вынікаў футбольнага сезона 2017 года і афіцыйная цырымонія "Зорны мяч" пройдзе пазней".

БАТЭ пакуль што не чэмпіён Беларусі, а толькі лідар чэмпіянату
Трафеі для лепшых беларускіх футбалістаў. Фота: "Звязда".

23 лістапада ў АБФФ адбывалася пазачарговае пасяджэнне, скліканае "па патрабаванні мінімум 5 членаў выканкама". Пра яго вынікі нічога не вядома, акрамя таго, што "была прынятая да ўвагі" інфармацыя старшыні Апеляцыйнага камітэта АБФФ Аляксандра Назарава "пра вынікі разгляду дысцыплінарнымі органамі АБФФ санкцый у дачыненні да футбольнага клуба БАТЭ".

Атрымліваецца, федэрацыя перанесла падвядзенне вынікаў чэмпіянату, бо цэлы шэраг яго ўдзельнікаў лічыць перамогу БАТЭ несправядлівай. Гаворка ідзе пра так званую "справу Верамко" — галкіпера барысаўскага клуба. Яшчэ ў жніўні Сяргей Верамко быў дыскваліфікаваны на пяць матчаў і аштрафаваны за сварку з арбітрам. Адбыўшы пакаранне, футбаліст вярнуўся ў шэрагі клуба, але ўважлівая канкурэнты заявілі, што ён не ў час аплаціў штраф і, як вынік, не мог нават прысутнічаць у заяўцы БАТЭ на матч.

БАТЭ пакуль што не чэмпіён Беларусі, а толькі лідар чэмпіянату
Сяргей Верамко. Фота: www.ukraine-today.net

З барысаўчан знялі тры ачкі, і яны адкаціліся на трэцяе месца ў чэмпіянаце. Але пасля выканкам Федэрацыі футбола разгледзеў дакументы, прадстаўленыя БАТЭ, і змяніў рашэнне. Барысаўскі клуб вярнуў сабе тыя забраныя тры ачкі. У выніку інтрыга ў чэмпіянаце трымалася да апошняга тура. І барысаўчане ўсё ж перамаглі. Але канкурэнты дагэтуль аспрэчваюць іх чэмпіёнства.

У барысаўскім клубе з каментарыямі не спяшаюцца. Маўляў, самі пакуль што не разумеем, што адбываецца, таму лепш пачакаем развіцця сітуацыі моўчкі. Еўрарадыё паведамілі толькі, што дырэктар каманды тэлефанаваў у Федэрацыю футбола, каб высветліць абставіны. Але адказу яму не далі.

Старшыня праўлення БАТЭ Анатоль Капскі не хоча каментаваць чуткі пра тое, што канкурэнты БАТЭ — напрыклад, бізнэсовец Юрый Чыж, у актывы якога ўваходзіць "Дынама" (Мінск), — знайшоў нейкія невідавочныя рычагі ўплыву на сітуацыю. Галоўны трэнер мінскага клуба Сяргей Гурэнка ў эфіры Еўрарадыё заявіў, што "Дынама" плануе далучыць да разгляду міжнародныя футбольныя структуры. Але 11 снежня ў прэс-службе "Дынама" нам адказалі, што ніякіх навін на гэты конт пакуль няма.

Вядома, што Федэрацыя футбола спрабуе працягнуць расследаванне "справы Верамко" і накіравала запыты ў банк, дзе галкіпер мусіў аплачваць штраф, да сотавага аператара — каб зразумець, ці быў увогуле галкіпер БАТЭ ў той дзень у банку, і ў Пракуратуру як у наглядны орган. Калі адусюль прыйдуць адказы, выканкам федэрацыі разгледзіць іх і прыме канчатковае рашэнне. 

Пакуль гэтага не адбылося, чэмпіянат Беларусі па футболе не скончаны. Нягледзячы на тое, што гульняў у гэтым сезоне больш не будзе, БАТЭ пакуль што не чэмпіён, а толькі лідар чэмпіянату.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі