Be2gether двойчы выклікаў Вольскага "на біс" (фота, відэа)

"Белая яблыня грому" і "Імперыя Сонца", цацачныя сінтэзатары Casio і апантаныя джазавыя гітарысты — усё гэта Be2gether, які праходзіць у літоўскіх Нарвілішках.
На адной з двух асноўных фестывальных сцэн у першы дзень фэста выступілі беларускія CherryVata і Лявон Вольскі з праектам "Белая яблыня грому". "Перад вамі гурт "Лукашэнка"!" — Пажартаваў Лявон са сцэны.



Прэзентацыя "Белай яблыні грому" выклікала вялікую цікавасць наведвальнікаў фэсту. Нягледзячы на строгі ліміт музычных сэтаў, мэнэджэры Be2gether дазволілі Вольскаму і кампаніі двойчы выйсці “на біс”. Акрамя асноўнай праграмы, музыкі прэзентавалі дзве новыя песні: беларуска-габрэйскую "Карчомку" і "Vive le matin" на французскай мове.





Выдатным выступам парадавалі дацкія госці — электроннае рок-трыа WhoMadeWho. Live-гурт з Капенгагена прыдумаў свой уласны музычны стыль, пад назвай "новае спецыяльнае дыска".



Каб лепей уявіць сабе, што такое WhoMadeWho, вазьміце house-дыджэя і пасадзіце яго за барабаны. Пасля дадайце бас-гітарыста, які вельмі любіць музыку Дэвіда Боўі, і авангарднага джазавага гітарыста. Гэта тры асноўныя кампаненты каманды  WhoMadeWho. Выкарыстоўваючы самыя звычайныя інструменты (гітара, бас, барабаны і драм-машына), датчане дасягаюць унікальнага, ні на што не падобнага гучання і плённа працуюць на глебе дыска, пост-панка и электроннай музыкі.



"Push me. And then just touch me. Till I can get my satisfaction!" — спявалі гледачы разам з  WhoMadeWho. Менавіта пасля гэтага  рок-н-рольнага кавера на вядомую "электрадзяўбёжку" ад Бэні Бенасі дацкі гурт набыў папулярнасць. Яшчэ гадоў пяць таму чароўныя датчане былі вядомыя толькі вузкаму колу меламанаў. Зараз гэтае шыкоўнае трыа шчодра запрашаюць на розныя еўрапейскія фестывалі і канцэртныя пляцоўкі.
 




Працягнулі праграму першага фестывальнага дню зоркі лонданскай клубнай сцэны  — гурт Crystal Fighters.







 





Падчас свайго сэту літоўская каманда Skamp па-сапраўднаму "распаліла" вечаровую атмасферу фестывалю. Як дазналася Еўрарадыё, на сённяшні дзень Skamp — адны з самых яркіх і вядомых музыкантаў літоўскай сцэны, якія ад песні да песні вандруюць са стыля ў стыль і працуюць сумесна з вядомымі выканаўцамі джаза, блюза, рока і класічнай музыкі.



Зараз у гурта з’явілася альтэрнатыўнае Hip-Hop/Reggae гучанне, а вакалітска Skamp Эрыка зусім нядаўна вярнулася на сцэну пасля нараджэння другога дзіцяці. Са сцэны фэстываля Be2gether яна шмат размаўляла з гледачамі і выказала думку, што летні час — ідэальны для вяртання ў творчасць. Падчас свайго выступу, музыканты  Skamp выканалі лепшыя песні за 12 гадоў існавання гурта.





Яны граюць на цацачных сінтэзатарах Casio, а басіст час ад часу змяняе гітару на кантрабас. У выніку атрымалася сумесь з простых, але ў той жа час цікавых мелодый, аздобленая крышачку дзіцячым вакалам, пост-панкавымі гітарамі і адчувальным захапленнем васьмібітнай музыкай. 



Нездарма за зусім невялікі час свайго існавання — усяго 5 гадоў — гурт Casiokids набыў славу эксперыментатараў, а сёлета стаўся галоўным адкрыццём літоўскай электроннай сцэны.





За электрапоп у першы фестывальны дзень адказвалі маладыя аўстралійскія музыканты Empire Of The Sun. Дзякуючы дэбютнаму альбому Walking on a Dream гурт зрабіўся суперпапулярным у Аўстраліі, а дзякуючы BBC стаў вядомым і на нашым кантыненце. Музыка ў "Імперыі Сонца" даволі спакойная, і нягледзячы на якаснае шоў, якое Empire Of The Sun зладзілі на сцэне , выступ  аўстралійскіх гасцей не вельмі ўразіў большасць гледачоў.













Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі