Бегаць ад павесткі больш не варыянт: разбіраем новы закон аб прызыве ў армію
Reuters
На разгляд у Палату прадстаўнікоў паступіў праект закона "Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы". Яго апублікавала ў сваім тэлеграм-чаце дэпутат Ганна Канапацкая. Дакумент істотна робіць больш жорсткімі правілы прызыву на воінскую службу і наступствы для беларусаў, якія не служылі ў войску без законных падстаў.
Распрацоўшчыкі адзначаюць, што такі дакумент патрэбен, таму што ваенкаматы ў апошні час істотна недабіраюць прызыўнікоў. У тым ліку гэта адбываецца з-за "ўхілістаў", якім немагчыма асабіста ўручыць павестку.
Галоўныя навіны: адтэрміноўка для атрымання адукацыі будзе давацца толькі адзін раз; уводзіцца паняцце "тыя, хто не прайшоў воінскую службу па прызыве не маючы на тое законных падстаў"; уводзіцца забарона прымаць на дзяржслужбу людзей, якія праігнаравалі прызыў без законных падстаў; замена працы па размеркаванні службай у арміі.
Еўрарадыё ўважліва вывучыла праект закона і разбірае асноўныя новаўвядзенні, якія могуць уступіць у сілу ўжо восенню 2019 года.
1. Адтэрміноўкі ад арміі
Адтэрміноўка ад арміі для атрымання адукацыі будзе давацца толькі адзін раз. Гэта значыць, калі малады чалавек адвучыўся ў ВНУ, то перад магістратурай ён павінен будзе адслужыць у арміі. Калі малады чалавек адвучыўся ў каледжы або іншай установе сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то перад паступленнем у ВНУ ён павінен будзе адслужыць у арміі.
2. "Тыя, хто не прайшоў воінскую службу па прызыве не маючы на тое законных падстаў"
"У выпадку ўхілення грамадзян, якія не знаходзяцца ў запасе, ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве да дасягнення ўзросту 27 гадоў або невыканання імі абавязкаў па воінскім уліку, устаноўленых гэтым Законам, з прычыны чаго стала немагчымым іх апавяшчэнне пра неабходнасць яўкі на мерапрыемствы па прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, раённая (гарадская) прызыўная камісія прымае рашэнне аб прызнанні такіх грамадзян тымі, хто не прайшоў ваенную службу па прызыве не маючы на тое законных падстаў", — гаворыцца ў праекце закона.
Гэта азначае, што чалавека прызнаюць тым, хто не мае законных падстаў для непраходжання воінскай службы, нават калі адказныя асобы не змаглі ўручыць яму павестку асабіста. Дастатковым апавяшчэннем пра прызыў будзе лічыцца сам факт адпраўкі павесткі прызыўніку, а калі ён яе па нейкіх прычынах не атрымаў, гэта будуць яго праблемы.
Тое самае датычыцца і афіцэраў запасу, якія ўхіляюцца ад прызыву на зборы.
"Існуючы парадак абскарджвання рашэнняў прызыўных камісій выкарыстоўваецца грамадзянамі як механізм ухілення ад праходжання воінскай службы. Наўмыснае невыкананне без законных падстаў воінскага абавязку грамадзянамі не з'яўляецца перашкодай для заняцця імі ў далейшым пасад дзяржаўных служачых, праходжання службы ў воінскіх фарміраваннях і ваенізаваных арганізацыях. Такое становішча рэчаў не карэлюе з наяўнасцю канстытуцыйнага абавязку і свяшчэннага доўгу грамадзян Рэспублікі Беларусь па абароне Рэспублікі Беларусь", — пазначана ў абгрунтаванні неабходнасці прыняцця праекта закона.
3. Абмежаванні на выезд з Беларусі
Адсутнасць законных падстаў для непраходжання службы ў арміі прывядзе да таго, што чалавека ўнясуць у спіс невыязных з Беларусі. Цяпер так паступаюць толькі з ухілістамі — тымі, хто атрымаў павестку, але праігнараваў прызыў.
4. Абмежаванні на працу
Калі чалавека прызнаюць тым, хто не мае падстаў для непраходжання службы ў арміі, яго будзе забаронена браць на працу:
— на дзяржаўную службу;
— у Следчы камітэт;
— у МНС;
— у органы ўнутраных спраў;
— у органы фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю;
— у Дзяржкамітэт судовых экспертыз.
5. Замена працы па размеркаванні службай у арміі
Праектам закона прадугледжаны змяненні ў Кодэкс аб адукацыі. Прапануецца дазволіць выпускнікам, якім трэба будзе працаваць па размеркаванні, замест размеркавання адслужыць у арміі. У гэтым выпадку ім не трэба будзе кампенсаваць ВНУ грошы, выдаткаваныя на навучанне:
"Выпускнікі, якім месца працы дадзена шляхам размеркавання, накіраваныя на працу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка найвышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага), якія добраахвотна паступілі на ваенную службу па кантракце ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і воінскія фарміраванні Рэспублікі Беларусь і праслужылі не менш за тэрмін абавязковай працы, вызваляюцца ад вяртання ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх падрыхтоўку".
Закон зваротнай сілы не мае: новаўвядзенні не закрануць тых, каму да моманту яго ўступлення ў сілу споўніцца 27 гадоў. Але калі на момант уступлення дакумента ў сілу малады чалавек ужо атрымаў адну адтэрміноўку ад войска для атрымання/працягу адукацыі, то права на другую адтэрміноўку ў яго ўжо не будзе.