Beissoul & Einius паказалі касмічнае фэшн-шоу у Мінску. Як гэта было (фота)

Beissoul & Einius паказалі касмічнае фэшн-шоу у Мінску. Як гэта было (фота)

2 сакавіка ў сталічным клубе Re:Public літоўскі электрафэшн-дуэт Beissoul & Einius, вядомы беларусам па фестывалях Mirum і FSP, адыграў першае сольнае шоу у Беларусі пры падтрымцы спецыяльнай госці, беларускай электроннай прынцэсы Mustelide. 


Beissoul & Einius амаль унёс клуб у паралельны свет, дзе пануе дабро, любоў і эксцэнтрычнасць касцюмаў! Надзіва, аўдыторыя ў гурта разнамасная. Прыбалтыйскіх фэшн-электроншчыкаў прыйшла паслухаць не толькі моладзь, але і сталыя мужчыны ў касцюмах і жанчыны ў кактэйльных сукенках. Цікава, дарэчы, ці збіраў гардэроб “Рэпабліка” столькі футраў у адзін вечар!?


На сцэне гурт захапляе дзіўнай харызмай з сюррэалістычных танцавальных рухаў. Beissoul размаўляе з публікай, робіць сэлфі і не адмаўляецца раздаваць аўтографы. На адной з песень ён згубіў акуляры, але не засмуціўся і сказаў з усмешка, што нарэшце ён з публікай могуць глядзець адно аднаму ў вочы.

 

Напярэдадні канцэрта Beissoul & Einius завіталі ў жывы эфір Еўрарадыё. Яны распавялі, калі збяруцца на "Еўрабачанне", чаму для іх важны Будслаў і навошта наведваюць беларускія замкі. Праўда, гаварыў у асноўным Beissoul. "Рацыянальнае звяно" дуэта — Einius — збольшага моўчкі падтрымліваў калегу. 


Глядзець відэа размовы цалкам:

 

Беларусы стыльныя, з сінімі, чырвонымі, ружовымі валасамі. Бачна, што яны адчуваюць сябе свабодна

У Берліне ты можаш хадзіць як заўгодна, і ніхто не звяртае ўвагі. Могуць сказаць: "You are cool". Тут людзі доўга на цябе глядзяць і, напэўна, думаюць, што прапусцілі нейкае мерапрыемства. Але ставяцца да нашага выгляду пазітыўна, таму што мы вельмі моцна стаім за свой стыль, нас цяжка пасунуць.


Тое, што мы бачылі на беларускіх фестывалях (гурт выступаў на Mirum music festival і Freaky summer party, — заўв.Еўрарадыё) кажа, што няма адставання ад Еўропы. Усе выглядаюць індывідуальна, яны стыльныя, з сінімі, чырвонымі, ружовымі валасамі. Бачна, што яны адчуваюць сябе свабодна, і ў гэтым толькі плюс краіне. 


Электроніка дазваляе быць іншапланецянінам


Электрафэшн — гэта і стыль, і музыка як адзінае цэлае. Нас можна пазнаць нават праз стыль саміх электронных гукаў. Электроннай музыкі, рознай, вельмі шмат, таму гэта крута — мець сваю асаблівасць.


Нашы вырабы авангардныя, на іх немагчыма зарабіць. Таму мы інтэгруем іх у свае перформансы і ладзім індывідуальнае паўнавартаснае шоу, якое не можа больш ніхто зрабіць. Яго, каб убачыць, трэба наведаць, бо на фота гэта адно, а live — зусім іншае. Наша вопратка не прадаецца, і часцей за ўсё яе цяжка зрабіць. Напрыклад, у нас ёсць касцюмы са шкла, яны важаць да 30 кілаграмаў. І аднойчы падчас Vilnius Fashion Week самыя цікаўныя гледачы параніліся аб касцюмы і пакінулі сабе метку на ўсё жыццё.


Нашы перформансы не маглі б існаваць без музыкі. Музыка дыктуе ідэі, якія потым мы ўвасабляем у моду. Калі б нас быў рок, то ўсё выглядала больш жорстка. А электроніка дазваляе быць іншапланецянінам і кім ты хочаш.

"Еўрабачанне" цяпер пачало звяртаць увагу на музыку, бо само шоу нічога не дае


У нас пакуль няма песні, з якой мы маглі б паехаць на "Еўрабачанне". Але калі яна з'явіцца, мы абмяркуем такую магчымасць. На гэты конкурс патрэбна моцна вакальная і дакладная песня... Наша песня "Adopted Child Of Love" магла б падыйсці, але, тады была іншая фаза. Летась выйграла smooth- песня. "Еўрабачанне" цяпер пачало звяртаць увагу на музыку, бо само шоу нічога не дае.

 

Пра магчымую песню на беларускай мове

У нас такая палітыка: мы пішам адразу песню на нейкай мове, але пераклад на іншую рабіць не будзем. То бок, нам важна, каб гэта была арыгінальная песня на той мове, на якой яна напісалася. У нас ёсць розныя думкі. Але гэта як з "Еўрабачаннем" — калі адразу пойдзе, дык будзе зроблена, так і з песняй на беларускай мове. 

Нашы рацыянальнасць і драма — добрае выйсце ў добрым дуэце

Beissoul: Калі мне было пяць гадоў, я кожнае лета прыязджаў на два тыдні ў Будслаў да прабабулі. У мяне там былі сябры. Цяпер мы з Эйнюсам былі праездам у Будславе, я раздабыў ключы і мы зайшлі ў хатку. Там усё так жа, як і было ў дзяцінстве, нават пах. 


Einius: Я люблю розныя замкі. Мы наведалі Крэўскі, Ружанскі, Мірскі, Нясвіжскі, Гальшанскі замкі. Бачылі замкі ва Украіне. Гэта частка гісторыі. Я люблю старажытныя рэчы, уяўляць, як было і параўноўваць, як цяпер.


Пра ўзаемаадносіны ў дуэце

Beissoul: Мы вельмі розныя, але дадаём адзін аднаго. Напрыклад, Эйнюс больш рацыянальны і спакойны, чым я. Але за тыя сем гадоў, якія мы працуем разам, мы маем аднолькавыя звычкі: можам схадзіць у кіно ці з'ездзіць паглядзець які-небудзь замак. 


Einius: Калі б мы былі дзвюма Артурамі ці Эйнюсамі, мы б пазабівалі адно аднаго. А нашы рацыянальнасць і драма — добрае выйсце ў добрым дуэце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі