Беларусь ад падзення долара выйграе, а беларусы — не

Еўрарадыё спытала ў беларускіх эканамістаў, чаму падае долар, колькі гэта будзе доўжыцца і чаго нам ад гэтага чакаць За апошні тыдзень, паводле афіцыйнага курсу Нацбанка, долар палягчэў на 37 рублёў. То бок, на кожнай сотні "зялёных" беларусы страцілі 3 700 "драўляных". Але нашай краіне ваганні курса долара пакуль "фіялетавыя", кажа эканаміст Леанід Заіка. Беларусь нават падзаробіць на гэтым.

Леанід Заіка: "Для краіны гэта пакуль што "фіялетава", як кажа моладзь. Таму што дэвіяцыя долараў распаўсюджваецца ў роўнай ступені на Канаду і Еўропу ды інш. То бок, эфект ад паніжэння курса долара адбіваецца ў сусветным маштабе. А ў Беларусі больш за 46% здзелак складаецца ў еўра. І тут зніжэнне курсу долара адбіваецца пазітыўна".

Долар падае з-за палітыкі Абамы, які вырашыў атрымаць сеньяраж, а кажучы прасцей — падзарабіць на выпуску дадатковых грошай. Балазе, сёння дзеля гэтага не трэба ўключаць друкавальны станок, усё робіцца націскам некалькіх клавішаў на кампутары, працягвае эканаміст.

Леанід Заіка: "Прычына падзення долара вельмі простая. Прапанова долараў павялічылася, амерыканская эканоміка напаўняецца доларамі. Гэта называецца "сеньяраж". Зараз грошы нават не друкуюцца, а робіцца запіс у кампутары да адной калонкі — і ўзнікае мільярд".

Долар будзе падаць столькі, колькі патрэбна невялікай колькасці загадкавых полісімэйкераў. Эканаміст Леанід Заіка у іх лік не ўваходзіць, таму дакладную дату назваць не рызыкнуў.

Леанід Заіка: "Долар будзе падаць, пакуль тым, хто ажыццяўляе стратэгічныя здзелкі на фінансавым рынку, гэта стане нявыгадна. Долар і ўвогуле рынак грошай — гэта добры, вялікі, вельмі выгадны, вельмі прыбытковы спекулятыўны рынак. Таму тут будуць дзейнічаць такія законы, што вялікая колькасць уладальнікаў тых альбо іншых відаў валют павінны будуць прайграваць кожныя паўгода, а нязначная колькасць асноўных стратэгічных полісімэйкераў будуць выйграваць".

Некаторае падабенства прагнозу адважыўся даць эканаміст Яраслаў Раманчук. Абапіраючыся на амерыканскіх эканамістаў, ён зрабіў выснову, што долар будзе слабець, пакуль у ЗША не пачнецца інфляцыя, а яе чакаюць не раней за сярэдзіну 2010 года.

Яраслаў Раманчук: "Хто ж можа прадказаць, што будзе рабіць Абама? Таму долар будзе падаць да той пары, пакуль у Амерыцы не з'явіцца інфляцыя. Нобелеўскі лаўрэат па эканоміцы Эдмунд Фелпс, з якім я размаўляў нядаўна, і амерыканскі эканаміст Пітэр Шыф, які прадказаў крызіс, кажуць, што ў 2010 годзе ў Амерыцы ўжо будзе інфляцыя. А да гэтага існуе магчымасць паслаблення долара".

Нягледзячы на гэта, Яраслаў Раманчук усё адно называе долар адной з валют, у якой трэба захоўваць грошы.

Яраслаў Раманчук: "Вось гэтыя дзве валюты — долар і еўра — з'яўляюцца тымі, у якіх трэба захоўваць грошы. І захоўваць не ў беларускіх банках, а за мяжой, а лепш інвеставаць у свае веды, у сваё здароўе, у сваю сям'ю. Гэта ў цяперашніх умовах дасць значна лепшыя дывідэнды".

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, беларусы з-за паніжэння долара страцяць больш, чым атрымаюць, — асабліва тыя, хто захоўвае долары ў банках.

Леанід Злотнікаў: "Для насельніцтва, з аднаго боку, на некаторыя імпартныя тавары могуць панізіцца кошты, а з іншага боку — абясцэньваюцца зберажэнні. Я бы казаў, што насельніцтва нават больш страціць, таму што дзве траціны ашчаджанняў з 14 трыльёнаў рублёў, якія ляжаць на дэпазітах нацыянальнага банку, — гэта зберажэнні ў валюце. Гэтыя ашчаджанні абясцэньваюцца. Таму я думаю, што насельніцтва больш страчвае, чым атрымоўвае".

Курс долара не могуць прадказаць не толькі беларускія, але і замежныя эканамісты. Напрыклад, паводле розных прагнозаў 25 буйнейшых кампаній, якія працуюць на рынку Форэкса, у сярэдзіне 2010 года еўра будзе каштаваць ад 1,15 да 1,50 долараў (3220 - 4200 рублёў). Зараз за еўра даюць 1,45 долараў.

Фота — "Обозреватель"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі