Беларусь адмаўляецца выдаць Літве генерала Ўсхопчыка, бо ён "абараняў СССР"

Літоўская генпракуратура атрымала адказ з Беларускай генпракуратуры. У ім гаворыцца, што Беларусь не дапаможа Літве ў расследаванні справы 13 студзеня 1991 года. Паўторны зварот з просьбай выканаць адпаведныя працэсуальныя дзеянні ў дачыненні да Ўладзіміра Усхопчыка і Станіславы Юонене ў Беларусь быў высланы ўвосень 2009 года пасля візіта ў Вільню Аляксандра Лукашэнкі, нагадвае партад Delfi.

"Адмоўны адказ Беларусі не зменіць нашу юрыдычную ацэнку: тое, што было здзейснена ў Літве ў студзені 1991 года супраць абаронцаў свабоды — гэта злачынства, крымінальная адказнасць за гэта будзе пагражаць не толькі ў Літве, але і ва ўсім ЕС", — цытуюцца ў паведамленні слова пракурора Альгімантаса Клюнкі.

Па словах Клюнкі, Беларуская генпракуратура паўтарыла сваю пазіцыю, што дзейнасць падазроных яна ацэньвае па дзейных на той час законах СССР — як імкненне абараніць канстытуцыйны лад той дзяржавы і яго тэрытарыяльную цэласнасць, таму і не можа аказаць прававую дапамогу Літве.

Акрамя таго, паводле дамовы пра прававую дапамогу паміж Літвой і Беларуссю, экстрадыцыя беларускіх грамадзян ці працэсуальныя дзеянні ў адносінах да іх немагчымыя.

Генпракуратура Літвы нагадвае, што справа пра падзеі 13 студзеня завершана і перададзена ў суд 19 чэрвеня 1996 года. Па гэтай справе былі абвешчаны прысуды Міколасу Буракявічусу, Юозасу Ермалавічусу, Юозасу Куалялісу, Лявонасу Бартошавічусу, Станісловасу Міцкявічусу і Яраславу Пракаповічу. 19 лютага 2008 года Еўрапейскі суд па правах чалавека прыняў рашэнне адхіліць заявы Буракявічуса і іншых абвінавачаных па гэтай справе і канстатаваў, што літоўская пракуратура і суды належным чынам ужылі ўсе прававыя нормы і падчас працэсу не парушылі правы чалавека.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі