Беларусь адмовілася падпісваць выніковую заяву саміта Усходняга партнёрства
Прычынай стала фраза пра "незаконную анексію" Крыма. Акрамя нашай краіны праект дэкларацыі адкінула і Арменія.
Беларусь і Арменія адмовіліся падпісваць выніковую заяву рыжскага саміта “Усходняга партнёрства”, калі ў ёй застанецца фраза пра “незаконную анексію Крыма”, паведамляе REUTERS са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы. Як мяркуюць крыніцы, хутчэй за ўсё з’явіцца новая рэдакцыя гэтага дакумента, дзе пазіцыі ЕС і краін-партнёраў будуць прадстаўленыя асобна.
Такім чынам, у тэксце будзе сказана, што Еўрасаюз асуджае сітуацыю ў Крыме, а таксама будуць абазначаныя пазіцыі краін-партнёраў, выказаныя імі падчас галасавання ў ААН у сакавіку 2014 года. Тады Арменія і Беларусь узялі бок Масквы, перадае РИА Новости.
МЗС: Беларусь выступае за неканфрантацыйны характар Усходняга партнёрства
“Усходняе партнёрства” — гэта праект Еўрасаюза па развіцці супрацоўніцтва з еўрапейскімі і закаўказскімі постсавецкімі рэспублікамі. Тры з шасці краін-удзельніц праект — Украіна, Малдова і Грузія — у 2014 годзе падпісалі пагадненне пра асацыяцыю з ЕС. Сёлетні саміт у Рызе — чацвёрты. Першая сустрэча прайшла ў 2009 годзе ў Празе.
На саміце ў Рызе Беларусь прадставіць міністр замежных справаў Уладзімір Макей.
Фота: eas.europa.eu