Беларусь і Польшча могуць у лютым падпісаць дамову аб бязвізавым рэжыме

Як распавялі Еўрарадыё ў польскім МЗС, апошнія нюансы пагаднення ўжо ўзгодненыя.

Беларусь і Польшча ўзгаднілі апошнія нюансы пагаднення аб бязвізавым памежным рэжыме. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў суседняй краіны. Да нядаўняга часу бакі дамаўляліся, наколькі далёкія сваякі тых людзей, якія жывуць у памежнай зоне, змогуць карыстацца бязвізавым уездам.

Паводле пагаднення, беларусы з прыгранічнай тэрыторыі змогуць ездзіць у польскае памежжа, не плацячы за шэнгенскую візу 60 еўра. Спецыяльныя дазволы мусяць каштаваць 20 еўра і выдавацца на год ці нават большы тэрмін.

Супрацоўнік МЗС Польшчы: "Умова практычна ўзгодненая, і проста чакае падпісання адпаведнымі асобамі. Чакаецца візіт патрэбнага ўзроўню. Спадзяемся, што самае позняе ў лютым умова аб памежным руху будзе падпісана".

Адзначым, што акурат на пачатак лютага з раней запланаванага 15 студзеня перанесены візіт беларускага міністра замежных спраў Сяргея Мартынава ў Варшаву.

Дарэчы, падобнае пагадненне Беларусі з Літвой было ўзгодненае ўжо даўно. Яго планавалі падпісаць яшчэ 4 месяцы таму – падчас візіту ў Вільню Аляксандра Лукашэнкі. Але неспадзявана ў самы апошні момант беларускі бок заявіў, што яму патрэбны час на вырашэнне нейкіх тэхнічных пытанняў.

Тады прэс-служба памежнага камітэта паведаміла, што праблема хутчэй за ўсё звязаная з літоўскім горадам Алітус і беларускім Смаргонь. Маўляў, вядуцца перамовы, каб уключыць і гэтыя гарады ў памежную зону. А ў канцы верасня старшыня камітэта Ігар Рачкоўскі заявіў, што пагадненне падпішуць да канца года. Але гэтага не адбылося, і ў снежні Літва заявіла, што Беларусь зацягвае час з урэгуляваннем сваіх унутраных працэдур.

Цяпер у Вільні глядзяць на справу больш аптымістычна. Па словах дырэктара Дэпартамента палітыкі ўсходняга суседства МЗС Літвы Марыюса Гудзінаса, нейкі прагрэс ужо ёсць. Аднак візіт беларускіх чыноўнікаў пакуль не плануецца.

Марыюс Гудзінас: "Беларускі бок нас інфармаваў, што працэс блізіцца да завяршэння. І вельмі хутка мы мусім атрымаць канкрэтныя навіны наконт гэтага. Але канкрэтнай даты мы не ведаем. Візіт не прызначаны. Але ёсць дамоўленасць, што як толькі беларускі бок завершыць усе свае працэдуры, то мы як мага хутчэй арганізуем такую сустрэчу недзе ў памежным рэгіёне хутчэй за ўсё, і падпішам гэтае пагадненне".

Памер памежных зон з Літвой і Польшчай вызначае так званае правіла "30 з плюсам". Гэта значыць, што калі, напрыклад, мяжа раёна пачынаецца ў 30-кіламетровай лініі, і завяршаецца менш чым у 50-кіламетровай адлегласці ад мяжы, то ўсе жыхары такой адміністрацыйнай адзінкі змогуць карыстацца выгодамі дамовы. Разам з тым, адзначыў Марыюс Гудзінас, Літва атрымала дазвол ад Еўракамісіі зрабіць некалькі выключэнняў з гэтага правіла. І гэта дазволіла дадаць да абсягу памежнай зоны некалькі іншых тэрыторый.

Глядзі таксама:


З восені жыхары Брэста і Гродна змогуць ездзіць у Польшчу без візы?


Беларуска-літоўскі бязвізавы рэжым не ўвялі з-за Смаргоні і Алітуса


Фото: endlessplanet.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі