Беларусь і Расія дамовіліся пра новыя тарыфы роўмінгу з 1 сакавіка 2025 года
Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота
Беларусь і Расія падпісалі дамову пра новыя тарыфы мабільнага роўмінгу. Міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган назваў іх "камфортнымі".
Чыноўнік заявіў, што ўмовы забяспечваюць роўныя правы для абанентаў Беларусі і Расіі. Напрыклад, калі тарыфны план карыстальніка ўключае 300 бясплатных хвілін для тэлефанавання ў іншыя сеткі, то гэтыя ж хвіліны выкарыстоўваюцца і ў роўмінгу. Калі такіх хвілін не прадугледжана, кошт званка ў роўмінгу будзе роўны 11 беларускім капейкам за хвіліну.
"Не менш за 300 хвілін галасавых, з якіх не менш за 150 — выходнага трафіку і не менш за 150 — уваходнага трафіку. Сярэдняе знаходжанне ў роўмінгу — каля пяці дзён", — перадае БЕЛТА словы Канстанціна Шульгана. Паводле чыноўніка, партрэт абанента ў роўмінгу быў прааналізаваны, і гэтыя хвіліны — норма для таго, каб камфортна пачувацца ў сетцы іншага аператара.
Акрамя таго, у роўмінгу можна будзе выкарыстоўваць 5 гігабайт мабільнага інтэрнэт-трафіку на льготных умовах: 1 гігабайт будзе каштаваць 4 беларускія рублі.
Эпапея з поўнай адменай роўмінгу паміж Расіяй і Беларуссю цягнецца як мінімум з 2013 года. Некалькі разоў ужо называліся даты адмены роўмінгу, але кожны раз яны пераносіліся. Расійскі бок пастаянна вінаваціў у гэтым беларускіх аператараў сувязі, якія не пагаджаліся на расійскія ўмовы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.